Былога прэзідэнта Косава Хашыма Тачы асудзілі на 25 гадоў
Яго прызналі вінаватым у ваенных злачынствах.
Фота: Ferdi Limani / Getty Images
Спецыяльны суд па Косаве прызнаў яго і яшчэ траіх падсудных вінаватымі ў адвольным затрыманні, жорсткім абыходжанні, катаваннях і забойствах падчас вайны 1998‑1999 гадоў, піша Бі-бі-сі.
58‑гадовы Тачы прысуджаны да 25 гадоў зняволення, яго саўдзельнікі — да тэрмінаў ад 13 да 25 гадоў.
Пры гэтым суд не палічыў дастатковым доказы віны Тачы ў злачынствах супраць чалавечнасці і прызнаў яго невінаватым па гэтым пункце абвінавачвання.
Сваю віну Тачы не прызнаў.
Ён быў адным з заснавальнікаў і кіраўнікоў Арміі вызвалення Косава. Пасля абвяшчэння незалежнасці Косава ад Сербіі Тачы займаў ва ўрадзе часткова прызнанай краіны пасаду прэм'ер-міністра, першага намесніка прэм'ер-міністра і міністра замежных спраў.
З 2016 па 2020 год Тачы быў прэзідэнтам Рэспублікі Косава. Ён падаў у адстаўку пасля таго, як спецыяльная пракуратура па Косаве выставіла яму абвінавачванні, з тых часоў быў пад вартай у Гаазе.