Рыжанкоў прывітаў у Мінску аманскую прынцэсу
Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў сустрэўся ў Мінску з дэлегацыяй Амана, якую ўзначаліла прынцэса Мона бінт Фахад Аль Саід — памочніца прарэктара Універсітэта імя султана Кабуса па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва і намесніца старшыні апякунскай рады Нацыянальнага музея Амана.
Фота: МЗС
У сустрэчы таксама ўдзельнічаў генеральны сакратар Нацыянальнага музея Амана Джамаль аль-Мусаві. Аманская дэлегацыя знаходзіцца ў Беларусі з мэтай пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва ў адукацыйнай і культурнай сферах.
Падчас сустрэчы бакі выказалі зацікаўленасць ва ўмацаванні супрацоўніцтва паміж універсітэтамі Беларусі і Амана. Яны адзначылі значны патэнцыял у гэтай сферы і абмеркавалі магчымасці яго далейшага развіцця, у тым ліку рэалізацыю сумесных праектаў паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі дзвюх краін.
Таксама стораны разгледзелі план культурных мерапрыемстваў на 2026—2027 гады. Абмяркоўвалася магчымасць правядзення ўзаемных выстаў і выступленняў творчых калектываў. Акрамя таго, падчас сустрэчы закранулі пытанні палітычнага ўзаемадзеяння Беларусі і Амана.
14 верасня Мона бінт Фахад Аль Саід атрымала званне ганаровага прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Чытайце таксама:
Рыжанкоў расказаў, як адпачыў у Паўночнай Карэі