«Я зразумеў за гэтыя шэсць гадоў, што вельмі шчаслівы чалавек». Андрэй Аляксандраў расказаў пра вызваленне і першую сустрэчу з жонкай
Журналіст Андрэй Аляксандраў, якога сёння вызвалілі і вывезлі ў Літву пасля чарговага раунда перамоў амерыканскага спецпасланніка Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам, расказаў пра апошнія гадзіны за кратамі, сустрэчу з жонкай і надзеі тых, хто застаецца ў зняволенні.
Андрэй Аляксандраў з жонкай Ірынай Злобінай. Іх затрымалі ў адзін дзень, пара распісалася ўжо ў СІЗА. Фота: LookByMedia
«Калі з вамі з усімі прывітаўся, паабдымаўся, нават магу сказаць, што выдатна», — адказаў Андрэй Аляксандраў на пытанне, як сябе адчувае.
Па словах Андрэя, пэўныя прыкметы таго, што ён можа апынуцца на волі, «не дужа загадзя», але былі. Канчаткова паверыць у тое, што ўсё адбылося, ён змог толькі пасля перасячэння мяжы.
«Ніколі не бываеш пэўны, пакуль не выйшаў з гэтага аўтобуса і не пабачыў надпіс «Lietuvos Respublika». Усё. Чакалі вельмі доўга, дарога была такая даўгаватая. Ну, але адбылося», — сказаў палітвязень і адразу згадаў тых, хто застаўся ў беларускіх турмах:
«Людзі там чакаюць. Чакаюць, усе маюць спадзевы на гэты перамоўны працэс, і, канешне, усе хочуць дадому. І я вельмі спадзяюся, што гэтыя працэсы, якія ідуць, будуць працягвацца, і ўсе палітычныя зняволеныя з Беларусі таксама будуць хаця б на маім месцы».
Асобна журналісты спыталі Аляксандрава, як прайшла першая сустрэча з жонкай Ірынай Злобінай пасля доўгай разлукі. Ірыну затрымалі ў адзін дзень з Андрэем і вызвалілі таксама 16 верасня.
«У цёплай, сяброўскай атмасферы», — пажартаваў Андрэй напачатку адказа і працягнуў:
«Выдатна, канешне, я шчаслівы. Не бачыліся амаль з вяселля, так што яшчэ будуць доўгія дні і ночы размоваў, абменамі думкамі, мастыркамі турэмнымі, хто як што там, як «двигались».
Гаворачы пра перажытае, Аляксандраў прызнаўся, што за гады зняволення па-новаму паглядзеў на ўласнае жыццё і стаўленне да сябе іншых людзей.
«Я вельмі рады, што на волі, і ўвогуле я зразумеў за гэтыя шэсць гадоў, што я вельмі шчаслівы чалавек, бо такой колькасці добрых людзей ёсць справа да Андрэя Аляксандрава. Столькі цёплых слоў атрымаў за гэтыя шэсць гадоў, ну, пакуль была магчымасць атрымліваць, ад незнаёмых людзей».
Апошні дзень перад вызваленнем Аляксандраў правёў у мінскім СІЗА №1.
«Я хадзіў па камеры ў СІЗА №1 з аднаго кута ў другі».
«А да гэтага?» — пацікавіўся адзін з журналістаў.
«А да гэтага я хадзіў па іншай камеры з аднаго кута ў другі. А сёння зранку вось мы паехалі сюды», — пажартаваў Аляксандраў.
Сам працэс вывазу ў Літву, паводле яго, прайшоў без канфліктаў.
«Падчас вызвалення ўсё было максімальна карэктна, спакойна. Ну, я ўвогуле магу сказаць, што я за шэсць гадоў не зазнаў там ніякага гвалту ў дачыненні да сябе. А сёння ўсё прайшло вельмі канструктыўна, спакойна, абсалютна без эксцэсаў».
Раскрываць усе працэдуры, якія адбываліся перад выездам, журналіст не стаў. Ён толькі згадаў вобшукі і іншыя рэжымныя мерапрыемствы, пасля якіх вызваленых павезлі да мяжы.
«Потым на камфартабельным аўтобусе МАЗ нас даставілі да мяжы, і ўсё. Усё прайшло хутка».
Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і ягоная жонка Ірына Злобіна знаходзіліся ў зняволенні са студзеня 2021-га.
У кастрычніку 2022 года Аляксандрава асудзілі на 14 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Віны Андрэй не прызнаў. Адбываў пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі №1.
Ірыне Злобінай суд прызначыў 9 гадоў зняволення. Жанчына адбывала пакаранне ў гомельскай калоніі.
Чытайце таксама:
На свабодзе — журналіст Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна. У зняволенні яны ажаніліся
Хто з палітвязняў выйшаў на свабоду 16 верасня ПОЎНЫ СПІС
Коўл спадзяецца, што Лукашэнка вызваліць у наступным месяцы яшчэ сотні зняволеных