Журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна знаходзіліся ў зняволенні са студзеня 2021-га.

Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна ўвайшлі ў лік тых палітвязняў, якія былі вызваленыя і вывезеныя з краіны 16 верасня.
Сувязь з журналістам і медыяменеджарам Андрэем Аляксандравым, а таксама з яго дзяўчынай Ірынай Злобінай прапала днём у аўторак, 12 студзеня 2021-га. Пазней стала вядома, што абодва затрыманыя.
Ужо праз тры дні пасля гэтага МУС рапартавала: «Падазраюцца ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці». Пад ёй мелася на ўвазе аплата штрафаў і ўтрымання ў ЦІП людзям, якія бралі ўдзел у пратэстах. Паводле МУС, Аляксандраў з 22 жніўня да 9 лістапада аплаціў 250 штрафаў, спісы і грошы на аплату штрафаў яму перадаваў фонд BY Help.
У чацвер, 14 студзеня, у офісе БелаПАН, намеснікам гендырэктара якога ў 2015—2018 гадах быў Аляксандраў, прайшоў ператрус, былі канфіскаваныя вінчэстары.
4 красавіка стала вядома, што іх справа аб’яднаная разам з абвінавачваннямі на адрас Дзмітрыя Наважылава і Ірыны Леўшынай з «БелаПАН».
Ірыну Злобіну абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці) і ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве).
У Андрэя Аляксандрава, акрамя гэтых артыкулаў, было яшчэ два: ч. 1 арт. 361‑1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) ды ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў).
У кастрычніку 2022 года журналіста асудзілі на 14 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. Віны Андрэй Аляксандраў не прызнаў. Адбываў пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі № 1.
Ірыне Злобінай суд прызначыў 9 гадоў зняволення. Жанчына адбывала пакаранне ў гомельскай калоніі.
Ірына Злобіна і Андрэй Аляксандраў пабраліся шлюбам у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага 1 верасня 2022 года. Распісваліся яны без сведак, пры канваірах.
Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў Ніжнім Тагіле. Дзяцінства правёў у Паставах, там скончыў школу. Скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Атрымаў ступень магістра медыяменеджменту ў Вестмінстэрскім універсітэце ў Лондане.
Журналісцкую кар’еру пачынаў у Наваполацку.
У 2009—2012 гадах з’яўляўся намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. Быў супрацоўнікам міжнародных арганізацый Index on Censorship і Article 19.
У 2015—2018 гадах быў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
Ірына Злобіна нарадзілася ў 1989 годзе, скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. Апошнія гады займалася сваім невялікім бізнесам — кветкамі і вытворчасцю сувеніраў.
Са жніўня да лістапада 2020 года Аляксандраў і Ірына супрацоўнічалі з краўдфандынгавай платформай BY_help, якая дапамагала ўдзельнікам пратэстаў супраць сфабрыкаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года выплачваць адміністрацыйныя штрафы за ўдзел у акцыях. Гэта і стала падставай для арышту ў студзені 2021-га.
Каментары