Мінскія ўлады патлумачылі, чаму не называюць дакладныя даты адкрыцця новых станцый метро
Дакладную дату адкрыцця новых станцый трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна пакуль не называюць. Прычына гэтага, як сцвярджае ў эфіры праграмы «Лицом к лицу» на тэлеканале АНТ старшыня Мінгарсавета Арцём Цуран, не ў недахопе рабочых.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Lookby.media
Асноўная праблема, па словах чыноўніка, звязаная са складанымі грунтамі і высокім узроўнем грунтовых вод, якія патрабуюць дадатковай інжынернай падрыхтоўкі.
Таму Арцём Цуран заявіў, што станцыі адкрыюцца ў агляднай перспектыве, аднак называць канкрэтны дзень пакуль заўчасна.
Будаўніцтва трох станцый Зеленалужскай лініі працягваецца. На асобных участках цяпер праводзяць складаныя работы для паніжэння ўзроўню грунтовых вод. Грунты пад зямлёй цяжкія і насычаныя вадой, таму без адпаведнай падрыхтоўкі бяспечна пракласці тунэлі немагчыма.
Разам з тым тэмпы будаўніцтва атрымалася павялічыць у два разы дзякуючы змене тэхналогіі пракладкі тунэляў. Раней спачатку будавалі адзін тунэль, пасля чаго тунэлепраходчы комплекс разварочвалі і пракладалі другі ў адваротным кірунку. Цяпер абодва тунэлі будуюць адначасова.
Паралельна ўжо пачалася падрыхтоўка да наступнага этапу развіцця сталічнага метро — чацвёртай, або кальцавой лініі. Паводле цяперашніх планаў, новая лінія пройдзе ўздоўж другога транспартнага кальца Мінска.
Усю кальцавую лінію адразу будаваць не будуць — яе падзеляць на некалькі этапаў. На першым участку плануюць пабудаваць тры станцыі. Адна з іх стане буйным перасадачным вузлом на скрыжаванні з праспектам Пераможцаў. Гарадскія ўлады разлічваюць, што і гэты ўчастак будзе рэалізаваны ў агляднай перспектыве.
Адначасова ў Мінску працягваецца будаўніцтва буйной транспартнай развязкі паміж мікрараёнамі Лебядзіны і Каменная Горка. Яна павінна злучыць Фрунзенскі і Цэнтральны раёны. Адкрыць рух па новай развязцы плануюць ужо ў найбліжэйшыя месяцы.
Работы там вядуцца кругласутачна, у тым ліку ноччу і ў выхадныя. Пасля заканчэння гэтай развязкі дарожнікі плануюць увесці ў эксплуатацыю яшчэ два буйныя транспартныя вузлы ў Кастрычніцкім, Ленінскім і Маскоўскім раёнах. Паводле планаў, яны павінны замкнуць другое транспартнае кола і часткова пераразмеркаваць транспартны паток, які цяпер ідзе па МКАД.
Чытайце таксама:
Прызначылі новага дырэктара Мінскага метрапалітэна
Будаўнікі метро скончылі работы пад рэчышчам Свіслачы
Кальцавая лінія мінскага метро: калі пачнуць будаваць і дзе пройдзе траса
«Алеся» і «Марыя» пройдуць пад Свіслаччу. Як у сталіцы будуюць трэцюю лінію метро