БЕЛ Ł РУС

«І загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, якія толькі ёсць». Пачобут распавёў, як яго правяралі на мяжы пры ўездзе ў Беларусь

17.09.2026 / 10:27

Nashaniva.com

Экс-палітвязень расказаў пра цікавы выпадак пры ўездзе ў Беларусь тыдзень таму. Анджэй Пачобут падзяліўся гісторыяй з YouTube-праектам Kanał Zero. 

Скрыншот відэа Kanal Zero

«Я аддаў ім пашпарт для кантролю. Калі ён [памежнік] увёў даныя ў базу, у іх там загарэліся ўсе чырвоныя лямпачкі, якія ў іх толькі ёсць. За хвіліну падышоў капітан памежнай службы, які сказаў, што мне трэба прайсці з ім на размову і абавязкова ўзяць з сабой тэлефон. Я кажу: «Так, ён са мной, толькі ёсць адна праблема — ён заблакаваны, а я яго разблакоўваць не ўмею».

Ну вось, мы прыйшлі, і там было першае пытанне: калі я паеду назад? Я кажу, што гэта дзіўнае пытанне, таму што я толькі заязджаю і наагул то я прыехаў назусім. Ну, потым зазваніў тэлефон — мабільнік аднаго з гэтых «пахмурных таварышаў». Ён выйшаў, праз нейкі час вярнуўся, потым зноў выйшаў, потым зноў.

Потым прыйшлі трое: двое ў форме памежнай службы, а адзін у цывільным:

«Я так разумею, што якраз ён і прадстаўляў нейкую спецслужбу, але якую менавіта не ведаю. Магчыма, гэта быў КДБ. Мяркую, што КДБ, але дакладна не ведаю. І размова са мной у іх асабліва не клеілася».

Паводле яго слоў, размова ў асобным пакоі доўжылася каля дзесяці хвілін, потым мне сказалі, што магу ехаць.

Анджэй Пачобут 8 верасня прыехаў у Гродна з Польшчы, дзе жыў ад канца красавіка пасля вызвалення з калоніі. У Беларусі журналіст сустрэўся з беларускімі палякамі, наведваў памятныя для польскай і супольнай беларуска-польскай гісторыі мясціны. 15 верасня ён вярнуўся ў Польшчу.

Чытайце таксама:

Анжаліка Борыс: Пачобута паўсюль прымалі як героя

«Знаёмы паглядзеў на мяне як на НЛА». Якім Анджэй Пачобут пабачыў Гродна ФОТЫ

Анджэй Пачобут вярнуўся з Беларусі ў Польшчу

Каментары да артыкула