У Мінску з'явіцца школа з элементамі Хогвартса і космасу
У Мінску пабудуюць незвычайную школу па матывах «Гары Потэра» і фільмаў пра космас, паведаміла выданню Times.by кампанія-забудоўшчык.
Фота: А-100 Дэвелапмент
Новую школу размесцяць у жылым комплексе «Зялёная гавань» недалёка ад дзіцячага сада «Птушыны дом», які адкрыўся ў кастрычніку мінулага года. У перспектыве там з’явіцца сацыяльны кластар з гандлёвым цэнтрам, паліклінікай, яшчэ адной школай і спартыўнымі пляцоўкамі.
Навучальная ўстанова атрымае назву Школа Адкрыццяў. Забудоўшчыкам выступае кампанія А-100 Дэвелапмент.
Фота: А-100 Дэвелапмент
Школа будзе арыентаваная на прыродазнаўчыя навукі — хімію, фізіку, біялогію, астраномію, геаграфію — і складацца з трох карпусоў рознай вышыні: «Месяц» (3 паверхі), «Марс» (4 паверхі) і «Сонца» (4 паверхі). Першыя два прызначаныя для заняткаў, а ў «сонечным» корпусе плануецца размясціць спортзалы, сталовую і актавую залу.
Кожны паверх атрымае свае тэматычныя назвы. Напрыклад, у «Месяцы» першы ўзровень будзе называцца «Зорны акіян», другі — «Планетарная фаўна», трэці — «Касмічны сад». «Марс» жа будзе складацца з «Начнога неба», «Сонечнай сістэмы», «Найдалейшай галактыкі» і «Тэорыі вялікага выбуху».
Інтэр’еры ўсіх карпусоў будуць вытрыманыя ў стылістыцы навукова-даследчай станцыі.
Фота: А-100 Дэвелапмент
Фота: А-100 Дэвелапмент
Фота: А-100 Дэвелапмент
Фота: А-100 Дэвелапмент
Фота: А-100 Дэвелапмент
Фота: А-100 Дэвелапмент
Забаронены лес — як у Хогвартсе
Школьны двор абсталююць рознымі зонамі і прасторамі з экацежкамі і веладарожкамі. Забудоўшчык абяцае зрабіць «падабенства Забароненага лесу» — як у школе чараўніцтва Хогвартс з фільмаў пра Гары Потэра.
У спартыўнай зоне будуць пляцоўка для футбола, баскетбола і валейбола, тэнісныя корты, сталы для настольнага тэніса, паласа перашкод і трэнажоры для варкаўту.
Фота: А-100 Дэвелапмент
Будзе зона з ветракамі, сонечнымі панэлямі, падзорнымі і рэха-трубамі, агародам, цяпліцамі, горкамі і рознымі «лазалкамі».
«У агародах і міні-цяпліцах дзеці будуць праводзіць эксперыменты і вырошчваць расліны пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі. Амаль як у знакамітым Хогвартсе», — адзначылі ў кампаніі.
Фота: А-100 Дэвелапмент
Найцішэйшая частка двара — зона «Укрыццё», дзе можна дзяліцца таямніцамі ў спецыяльных «шушукальніцах» (зацішных альтанках). Таксама там будуць сядзенні-пянёчкі, сад камянёў, шпакоўні, кармушкі і пляцоўкі для назірання за кузуркамі.
Школа разлічаная на 1125 чалавек, здаць яе плануецца ў 2028 годзе.
Чытайце таксама:
Афіцыйна стварылі Акадэмію інтэлектуальных тэхналогій. Чаму і як там будуць вучыць?
У Мінску адкрываюць бясплатную школу кітайскай мовы
Дарт Вэйдар адвёў сына ў школу ў Новай Баравой. Хто гэты тата мары? ФОТАФАКТ