Дарт Вэйдар адвёў сына ў школу ў Новай Баравой. Хто гэты тата мары? ФОТАФАКТ
У Мінску дзіця на лінейку павёў ваяр Цёмнага боку.

Вясёлым відэа ў Threads падзялілася блогерка і фатографка Настасся Дзевяцень. У кадр на Новай Баравой трапіла незвычайная сям’я: мама вядзе ў тачцы малога, за імі спяшаецца старэйшы сын-школьнік, а замыкае працэсію Дарт Вэйдар.
Пад чорнай маскай хаваецца даволі знакаміты ў Новай Баравой чалавек — мастак Валер Няфёдаў. Па-першае, амаль кожны на раёне ведае яго тэрасу — бо выглядае яна як мастацкая галерэя.

Летась мужчына распавядаў «Анлайнеру», што яны з жонкай — людзі творчыя, таму хацелі бачыць карціны не толькі ўнутры кватэры, але і звонку. Пры гэтым, мастак казаў, што сапраўдныя палотны вешаць на тэрасе было б злачынствам — яны б хутка згнілі. Таму прыйшлося раздрукоўваць прыгажосць на спецыяльным пластыку, які не губляе колеры на сонцы.

Па-другое, сам Валер мае арыгінальнае хобі — ён любіць хадзіць па горадзе ў незвычайных касцюмах. Раней мужчына распавядаў газеце «Прысталічча», што пачалося ўсё яшчэ 8 гадоў таму.

Тады Валер пераапрануўся ў гопніка і прыйшоў на нейкае свята. Гэты эксперымент яму настолькі спадабаўся, што з часам хобі перарасло ў сапраўдны стыль жыцця. Валерый адкрыў для сябе «эфект маскараду»: калі чалавек надзявае маску ці касцюм, ён можа быць больш свабодным, адкрытым і нават упэўненым.
Цяпер у калекцыі Валера некалькі дзясяткаў убораў рознай ступені складанасці. Шые іх жонка Вераніка.

Няфёдаў прызнаваўся, што яму не патрэбна нейкая нагода для выхаду, напрыклад, у вобразе вампіра. Ён можа з’явіцца ў касцюме нават у банку ці на бацькоўскім сходзе. Нават калегі ўжо прывыклі: калі Валер прыходзіць без касцюма, пытаюцца, ці ўсё ў яго добра ў жыцці.
Таму наўрад ці ў гэты раз Дарт Вэйдар шакаваў кагосьці ў школе ў Новай Баравой.
У каментарах пажартавалі, што вобраз сапраўды ідэальна пасуе для бацькоўскага сходу. А яшчэ пацікавіліся, ці не Люкам завуць сына.
Практычна адзінагалосна Валера прызналі татам года — бо з такім бацькам ніякі навучальны год не пужае.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары