Ці пусціць Латвія беларускі калій? Даведаліся, што пачуў Коўл у Рызе
Латвія вітае намаганні ЗША па вызваленні беларускіх палітвязняў, аднак не бачыць падстаў змякчаць ціск на рэжым Лукашэнкі.
Джон Коўл і Андрыс Кулбергс. Фота: mk.gov.lv
17 верасня Рыгу наведаў спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл. Ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам Латвіі Андрысам Кулбергсам, міністаркай замежных спраў Байбай Бражэ і кіраўніцтвам Дзяржаўнай памежнай аховы. Падчас перамоў значную ўвагу надалі бяспецы ўсходняй мяжы Латвіі, нелегальнай міграцыі, якую латвійскія ўлады лічаць інструментам гібрыднага ціску Мінска, а таксама намаганням ЗША па вызваленні беларускіх палітвязняў.
Напярэдадні Джон Коўл сустракаўся з кіраўніцтвам Літвы і анансаваў паездку ў Латвію, каб, паводле яго слоў, усе бакі маглі ўзгадніць далейшыя дзеянні. Адной з магчымых тэм перамоў называлі транзіт беларускага калію.
«Здзелка па калійных угнаеннях знаходзіцца ў вельмі добрым стане, каб арганізаваць пастаўкі калію з Беларусі ў ЗША — гэтага хоча прэзідэнт Трамп», — цытуе амерыканскага дыпламата The New York Times.
«Пазіцыя Рыгі застаецца нязменнай»
Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніс Кучынскі расказаў «Нашай Ніве», што ў дзень візіту Коўла быў на сувязі з латвійскімі калегамі.
Незадоўга да гэтага ён сам наведваў Рыгу і правёў кансультацыі з галоўным дарадцам прэм’ер-міністра Латвіі па міжнароднай палітыцы і прадстаўнікамі МЗС. Падчас тых сустрэч абмяркоўвалі рэгіянальную бяспеку, правакацыі з боку рэжыму Лукашэнкі і падтрымку беларусаў у Латвіі і Еўрасаюзе.
Дзяніс Кучынскі. Фота: «Наша Ніва»
«Сёння латвійскія партнёры яшчэ раз пацвердзілі мне, што пазіцыя Латвіі застаецца паслядоўнай і нязменнай. Рыга вітае вызваленне беларускіх палітвязняў і высока ацэньвае намаганні Злучаных Штатаў і спецыяльнага пасланніка Джона Коўла. Мы зацікаўленыя ў тым, каб гэты дыпламатычны трэк працягваўся і прывёў да вызвалення ўсіх палітычных зняволеных», — адзначыў Дзяніс Кучынскі.
Разам з тым, латвійскі бок не бачыць падстаў казаць пра істотныя змены ў палітыцы беларускага рэжыму:
«Працягваюцца рэпрэсіі, падтрымка расійскай агрэсіі супраць Украіны і гібрыдны ціск на краіны Еўрасаюзу. Таму пазіцыя Латвіі адносна захавання палітычнага і санкцыйнага ціску застаецца нязменнай. Гэта датычыцца і эканамічнага ціску, у тым ліку калійнага пытання».
У цэнтры ўвагі — сітуацыя на мяжы
Што тычыцца зместу перамоў у Рызе, Дзяніс Кучынскі асобна адзначыў, што найбольшую ўвагу латвійскі бок надаў нелегальнай міграцыі і сітуацыі на ўсходняй мяжы Еўрасаюза:
«Пры гэтым важна падкрэсліць: цэнтральным пытаннем у размовах латвійскага боку з амерыканскімі партнёрамі была нелегальная міграцыя і міграцыйны ціск, які рэжым Лукашэнкі працягвае аказваць на Латвію і ўсходнюю мяжу Еўрасаюза, а не пытанне калійных угнаенняў».
Пазіцыі Вашынгтона і Рыгі сыходзяцца ў неабходнасці працягваць працу дзеля вызвалення беларускіх палітвязняў. Пры гэтым Латвія лічыць важным захоўваць рычагі ўздзеяння на рэжым, пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, а Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію і аказвае гібрыдны ціск на суседнія краіны.
Пра неабходнасць захоўваць санкцыйны ціск пасля сустрэчы з Коўлам заявіў прэм’ер-міністр Латвіі Андрыс Кулбергс. Як паведаміла яго канцылярыя, Рыга падтрымлівае захаванне, пашырэнне і ўзмацненне санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Міністарка замежных спраў Латвіі Байба Бражэ пасля сустрэчы паведаміла, што бакі дамовіліся пра практычныя крокі для ўмацавання ўсходняй мяжы НАТА.
«Для нас пазіцыя Латвіі — важны сігнал: вызваленне людзей і дыялог дзеля іх вызвалення павінны працягвацца, але гэта не можа аўтаматычна азначаць нармалізацыю адносін ці зняцце ціску. Мы павінны дамагацца вызвалення ўсіх палітвязняў і адначасова захоўваць рычагі ўздзеяння на рэжым», — падсумаваў Дзяніс Кучынскі.
Людзей вызваляюць, рэпрэсіі працягваюцца
Новы раўнд дыпламатыі адбываецца адразу пасля перамоў Джона Коўла з Лукашэнкам. 16 верасня з беларускіх турмаў вызвалілі 25 чалавек. У адказ Вашынгтон пагадзіўся зняць амерыканскія санкцыі з «Беллеспаперапрама» і прадпрыемства «Лакафарба». Коўл таксама заявіў, што цягам месяца могуць быць вызваленыя яшчэ сотня ці больш чалавек.
Тым часам у беларускіх турмах, паводле праваабаронцаў, застаюцца амаль 900 палітвязняў. Святлана Ціханоўская, сустракаючы вызваленых у Вільні, адзначала, што асобныя вызваленні нельга ўспрымаць як прыкмету палітычных перамен: рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, а Лукашэнка выкарыстоўвае людзей як тавар для перамоў.
Перамовы вакол калію пры гэтым застаюцца больш складанымі за двухбаковую дамоўленасць паміж Вашынгтонам і Мінскам. Нават пасля змякчэння амерыканскіх абмежаванняў транзіт залежыць ад пазіцыі суседніх дзяржаў і санкцый Еўрасаюза. У маі міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што Вільня не будзе абмяркоўваць аднаўленне экспарту беларускага калію праз Літву, у тым ліку праз Клайпедскі порт, пакуль дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза.
Чытайце таксама:
Джон Коўл пасля вяртання з Мінска сустрэўся з кіраўнікамі Літвы
Коўл спадзяецца, што Лукашэнка вызваліць у наступным месяцы яшчэ сотні зняволеных
Ціханоўская: Перамовы пра вызваленне людзей ідуць цяжка
Коўл: Лукашэнка адпусціць 25 чалавек у абмен на санкцыі на «Лакафарбу» і «Беллеспаперпрам»