Ці павінны беларусы несці адказнасць за вайну? Новае апытанне настрояў украінцаў
На Форуме Астрожскіх у Кіеве прэзентавалі вынікі новага даследавання пра ўкраінска-беларускія адносіны.
Акцыя салідарнасці з удзелам беларусаў супраць вайны. Вільня, 24 лютага 2024 года. Фота: «Наша Ніва»
Яго правёў Інстытут палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» пры падтрымцы Нямецкага фонду Маршала ЗША (GMF) і ЕС. Збор звестак ва Украіне адбываўся ў супрацоўніцтве з даследчай кампаніяй Info Sapiens.
Украінцаў спыталі, як яны ставяцца да беларусаў. 44,5% адказалі, што пазітыўна, 36,1% — негатыўна, астатнія вагаліся з адказам. Пры гэтым, калі параўнаць з апытаннямі 2022, 2023 і 2025 гадоў, стаўленне палепшала.
Разам з тым амаль палова апытаных (49,5%) адзначыла, што з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне стаўленне да беларусаў пагоршала (для 47,1% стаўленне не змянілася). Пагаршэнне найперш тлумачаць вайсковай і палітычнай падтрымкай Расіі з боку Беларусі, бяздзейнасцю і маўчаннем беларусаў.
На пытанне, ці лічаць яны Аляксандра Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі, 75,9% адказалі, што не ці хутчэй не.
Святлану Ціханоўскую ведаюць 58,9% апытаных украінцаў. У 2022‑м было болей — 76,5%.
58,7% апытаных адказалі, што чулі пра Полк Каліноўскага і іншых беларускіх добраахвотнікаў.
Украінцаў таксама спыталі, хто павінен несці адказнасць за ўдзел Беларусі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Большасць (54,4%) лічыць, што беларуская дзяржава і ўлада. Яшчэ 28,6% — што і дзяржава, і грамадства. 8,2% адказалі, што ніхто, бо беларусы не вінаватыя, не бяруць удзелу. 2,6% лічаць, што адказнасць павінна несці беларускае грамадства.
Гаворачы пра мірныя перамовы, 75,1% выказваецца супраць таго, каб Беларусь дапускалі да перамоў. 13,8% лічаць, што Беларусь можа быць пасярэднікам, а 3,6% — паўнавартасным удзельнікам. Астатнім было складана адказаць.
Жорсткую рыторыку да Лукашэнкі, якой апошнім часам прытрымліваюцца ўкраінскія ўлады, так ці інакш падтрымлівае 77,7% апытаных украінцаў. А наладжванне адносін з дэмакратычнымі сіламі Беларусі падтрымлівае 67,4%.