БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Латвіі: Большасць краін НАТА не адаб'е ракет Расіі

20.09.2026 / 08:57

Nashaniva.com

Па словах Эдгара Рынкевіча, цяперашнія намаганні Еўропы па падрыхтоўцы да паветранай вайны могуць састарэць ужо да сярэдзіны наступнага года.

Эдгар Рынкевіч. Фота: Richard Drew / AP

У выпадку распаўсюджвання вайны Расіі супраць Украіны за яе межы большасць краін НАТА не зможа адбіць атаку расійскіх ракет, лічыць прэзідэнт Латвіі Эдгар Рынкевіч, піша DW.com.

У інтэрв'ю газеце The Guardian, апублікаваным у суботу, 19 верасня, ён указаў на «імклівае» развіццё тэхналогій у сферы выкарыстання дронаў. У сувязі з гэтым цяперашнія намаганні Еўропы па падрыхтоўцы да паветранай вайны могуць састарэць ужо да сярэдзіны наступнага года.

«Мы бачым, што сістэмы СПА, абарона ад беспілотнікаў і супрацьракетная абарона сутыкаюцца з сур'ёзнымі праблемамі. І давайце будзем шчырымі: з гэтым сутыкаецца Украіна, з гэтым сутыкаюцца ўся Еўропа і НАТА, — сказаў Рынкевіч. — Бо калі Расія вырашыць запусціць некалькі ракет па гэтай тэрыторыі, я думаю, што сёння для многіх краін гэта стане сур'ёзным выпрабаваннем».

На думку латвійскага прэзідэнта, Расія скарыстаецца зімой, каб прасунуцца на фронце ва Украіне, а таксама зробіць усё неабходнае, каб падарваць падтрымку Кіева з боку заходніх дзяржаў.

Гаворка ідзе пра дыверсіі, кібератакі і інцыдэнты з беспілотнікамі і ракетамі, з дапамогай якіх Масква правярае рашучасць Еўропы, адзначыў ён.

«Я б выключыў звычайнае ваеннае ўварванне, але нам варта быць вельмі пільнымі, калі гаворка ідзе пра разнастайныя іншыя варыянты», — дадаў Рынкевіч.

Чытайце таксама:

Туск: Расія плануе ракетныя ўдары па тэрыторыі краін НАТА, будзе сцвярджаць, што яны выпадковыя

Кіраўнік Бундэсвера заклікаў рыхтаваць да абароны ўсё нямецкае грамадства

Каментары да артыкула