БЕЛ Ł РУС

Пакуль беларуска гасцявала ў Мінску, у яе дом у Іспаніі спрабавалі залезці акупасы

22.09.2026 / 14:37

Ганна Стафановіч

Аксана Булатая з Брэстчыны ўжо 16 гадоў жыве ў Іспаніі. Нядаўна яна вырашыла прыехаць на радзіму. І ў гэты момант ледзь не страціла нерухомасць у Еўрасаюзе.

Аксана Булатая. Скрыншот відэа ў інстаграме. Якасць палепшана з дапамогай ШІ

Аксана распавяла ў інстаграме, што яе іспанскі дом у Валенсіі — гэта сапраўдная крэпасць. Ведаючы праблему з акупасамі, яна імкнулася прадугледзець усё: паставіла сучасную сігналізацыю на дом і двор, падключыла сістэму відэаназірання па перыметры. Таксама ёсць браняваныя дзверы і якасныя вокны — плюс краткі паўсюль. «Сёлета, як улезлі ў дом сяброўкі, я фактычна арганізавала ў доме кругласутачнае назіранне», — расказвае яна.

Акупасы ў Іспаніі — гэта людзі, якія незаконна засяляюцца ў чужое, часта пустое, жыллё, а праз павольныя суды і моцную прававую абарону ўжо занятага жылля ўласнікам бывае цяжка іх выселіць: на гэта можа сысці шмат месяцаў і вялікія грошы.

Трэвел-блогерка была ўпэўненая, што яе нерухомасць у бяспецы, але каб дадаткова падстрахавацца на час ад’езду, прапанавала ўсё лета жыць у доме сваім дзецям і дзецям сяброўкі. 

Тым не менш, аднойчы ноччу дзеці Аксаны прыехалі да дома і ўбачылі ў двары дзіўную цемнаскурую кампанію. Двое дарослых і чацвёра дзяцей хадзілі вакол жылля з ліхтарыкамі.

Яны былі добра адзетыя, прыехалі на нятаннай машыне і размаўлялі паміж сабой па-нямецку. Сын Аксаны спытаў у незнаёмцаў, хто яны такія і што робяць тут.

Тыя не разгубіліся і заявілі, быццам зарэзервавалі жыллё праз Airbnb і нават прадэманстравалі ў тэлефоне адрас Аксаны і нейкія ключы. Блогерка ўпэўненая, што ключы былі нейкія чужыя.

Пасля таго, як іх застукалі на гарачым, сям'я вельмі хутка села ў машыну і паехала, не стаўшы развіваць легенду пра арэнднае жыллё.

Дачка Аксаны звярнулася ў паліцыю — там паабяцалі некалькі дзён патруляваць раён.

Чытайце таксама:

Беларус набыў кватэру ў Іспаніі, але яе занялі акупасы. Цяпер ён не можа яе вярнуць

Колькі каштуе прабіць кола ў Барселоне: дарагі досвед чэмпіёнкі свету па бегу Марыны Арзамасавай

«Яна забрала дзяцей і вярнулася ў Мінск»: гісторыя беларуса, які эміграваў у Барселону з сям'ёй, а застаўся адзін

Каментары да артыкула