БЕЛ Ł РУС

Былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама апынуўся у СІЗА КДБ

21.09.2026 / 17:32

Nashaniva.com

Былы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Генадзь Дзенгалёў быў затрыманы і цяпер утрымліваецца ў СІЗА КДБ у Мінску, вядомым як «амерыканка», паведамляюць крыніцы «Радыё Свабода».

Генадзь Дзенгалёў

Паводле інфармацыі крыніц «Свабоды», справа, у межах якой затрымалі Дзенгалёва, звязаная з фінансамі. Дакладная сутнасць прэтэнзій да былога чыноўніка, артыкул Крымінальнага кодэкса і яго працэсуальны статус пакуль невядомыя.

Таксама няясна, калі менавіта яго затрымалі. Апошнія публічныя згадкі Генадзя Дзенгалёва на пасадзе намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама датуюцца пачаткам жніўня 2025 года. 7 жніўня ён удзельнічаў ва ўрачыстасцях да Дня будаўніка, а на 9 жніўня ў яго была запланаваная жывая тэлефонная лінія. Пасля гэтага Дзенгалёў фактычна знік з публічнай прасторы.

15 студзеня 2026 года на яго пасаду па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ быў узгоднены Ігар Клішо. Калі менавіта Дзенгалёў пакінуў пасаду, публічна не паведамлялася.

Генадзь Дзенгалёў нарадзіўся ў 1973 годзе ў Бялынічах Магілёўскай вобласці і большую частку кар’еры быў звязаны з будаўнічай галіной. Ён скончыў Магілёўскі будаўнічы тэхнікум, Беларускую дзяржаўную політэхнічную акадэмію, а таксама Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

У розныя гады працаваў у будаўнічых арганізацыях Магілёўшчыны, узначальваў «Магілёўхімрамонт», кіраваў УКБ Магілёўскага гарвыканкама і Галоўным упраўленнем капітальнага будаўніцтва Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. З 2015 года ўзначальваў «Мінскаблсельбуд».

У 2017 годзе Дзенгалёў узначаліў Барысаўскі райвыканкам. У маі 2022 года яго ўзгаднілі на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага аблвыканкама па пытаннях будаўніцтва і ЖКГ. У студзені 2026 года на гэту пасаду быў прызначаны Ігар Клішо.

Чытайце таксама:

Былы кіраўнік Салігорска, які ледзь уратаваўся ад турмы, робіць кар'еру ў сістэме Мінгарвыканкама

Стала вядома новае месца працы экс-кіраўніка Гомеля, пра якога гаварылі, што ён у СІЗА

Масавыя арышты афіцэраў прайшлі на авіябазе ў Мачулішчах — абвінавачваюць у сувязях з апазіцыяй

У СІЗА КДБ адшукаўся падпалкоўнік Зара, якога сілавікі лічаць аналітыкам Сахашчыка. Як ён апынуўся ў Беларусі — невядома

Каментары да артыкула