БЕЛ Ł РУС

Падрыхтавалі праект рэканструкцыі сінагогі ў Слоніме

21.09.2026 / 20:25

Nashaniva.com

У верасні 2026 года павінен быў з’явіцца зацверджаны праект рэстаўрацыі слонімскай сінагогі. Будынак узвялі яшчэ ў 1642 годзе — ён прызнаны помнікам архітэктуры. Пры гэтым адрэстаўраваць сінагогу спрабавала ўжо некалькі былых уладальнікаў, піша Hrodna.Life.

Фота: БУТБ

Хто цяпер займаецца рэстаўрацыяй сінагогі?

Аднаўленнем старажытнай сінагогі ў Слоніме займаецца праектная арганізацыя ТАА «ТапазЗахадІнжынірынг». У траўні 2026 года Cлонімскі райвыканкам правёў сустрэчу з дырэктарам кампаніі Дзмітрыем Волчакам. Арганізацыя падала чыноўнікам дакументацыю. Таксама на сустрэчы адзначылі, што «комплекс навукова-даследчых работ, накіраваных на захаванне помніка архітэктуры» ўжо праведзены.

Завяршэнне праектавання і ўзгаднення дакументацыі з Мінкультам запланавалі на верасень 2026 года.

Да якога выніку прыйшлі рэстаўратары?

У верасні гараджане пацікавіліся, якое рашэнне вынесенае адносна сінагогі. У прыватнасці іх хвалявала, чаму да гэтага часу не прадастаўлены абяцаны праект па рэстаўрацыі сінагогі, ці пройдзена дзяржбудэкспертыза і ці ўзгодненая дакументацыя з Мінкультам.

Таксама цікавіліся, чаму будынак не закансерваваны і ці плануюць уладальнікі да надыходу маразоў схаваць контуры будынка.

«Каб спыніць знішчэнне аўтэнтычных фрэсак XVII стагоддзя ад сырасці і навалы птушак за ўсталяваным дэкаратыўным плотам з адной брамкай і без уязной брамы для транспарта», — растлумачылі неабходнасць такіх работ жыхары Слоніма.

Адказ райвыканкама на запыт гараджан апублікаваў паблік slonim_live. Там гаворыцца, што працы па праектнай дакументацыі завершаныя, а дазвол ад Мінкульта атрыманы. Праект знаходзіцца на ўзгадненні ў Гродзенскім аблвыканкаме.

У 2018 годзе выкупіць слонімскую сінагогу планаваў брытанскі Фонд яўрэйскай спадчыны. Прадстаўнікі арганізацыі ўнеслі сінагогу ў Слоніме ў спіс самых значных аб’ектаў яўрэйскай сусветнай спадчыны, якім патрэбна дапамога.

Першы раз улады выставілі сінагогу на аўкцыён у пачатку лета 2020 года. Помнік архітэктуры 1642 года пабудовы першапачаткова ацанілі ў 137 тысяч рублёў ($ 50 тысяч па тагачасным курсе). З траўня па снежань пра аўкцыёны аб’яўлялася тройчы, але купцоў усё не было. У выніку да апошніх таргоў сінагога патаннела да 27 тысяч рублёў.

У канцы 2020 года слонімскую сінагогу купіла дзіцячая пісьменніца Іаана Рыўз (Ілона Караваева) за 30 тысяч рублёў. Для гэтага яна прадала кватэру ў Мінску. Для пошуку сродкаў яна стварыла фонд «Ратуючы спадчыну». На рэканструкцыю спатрэбілася 164 тысяч рублёў — такіх грошай жанчына сабраць не змагла. У чэрвені 2022 года Караваева ліквідавала фонд. Аднаўленню сінагогі перашкодзілі санкцыі і вайна ва Украіне. Інвестараў або дзяржаўных праграм для падтрымкі праекта таксама не знайшлося. Слонімскі райвыканкам забраў сінагогу назад.

У траўні 2024 года будынак былой сінагогі ў Слоніме выкупіў дырэктар Расійскага акцыянернага таварыства «Агенцтва развіцця перспектыўных тэхналогій» (АРПТ) Дзяніс Дудараў. Помнік архітэктуры абышоўся Дудараву ўсяго ў 42 рублі.

Чытайце таксама:

Слонімскую сінагогу наведаў яе новы гаспадар з праектнай камандай

Стала вядома, што за расеец набыў будынак былой слонімскай сінагогі

Будынак былой слонімскай сінагогі набыў за бесцань расіянін

Каментары да артыкула