БЕЛ Ł РУС

Ціханоўскі адказаў Ціханоўскай: Чамусьці не згадваецца, што рэабілітацыя сына адбывалася ў кватэрах і дамах, якія я купіў

23.09.2026 / 09:26

Nashaniva.com

Былы палітвязень даказвае падпісчыкам, што менавіта ён аплачваў рэабілітацыю сына Карнея.

Сяргей Ціханоўскі і Святлана Ціханоўская. Фота: Marek Antoni Iwanczuk NurPhoto via Getty Images

Былы палітзняволены Сяргей Ціханоўскі абурыўся аповедам сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай пра іх дзяцей. Ён запісаў відэазварот, у якім адзначыў, што рэабілітацыя сына Карнея адбылася ў купленых ім кватэрах і дамах, а таксама што менавіта ён аплачваў сваёй сям’і паездкі за мяжу і прыём у дактароў.

Нагадаем, лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская на канферэнцыі ў Варшаве выступіла з прамовай пра нябачную працу жанчын і расказала, як прысвяціла дзесяць гадоў рэабілітацыі сына Карнея, які нарадзіўся з праблемамі са слыхам. Тэкст гэтага выступу апублікавала «Люстэрка», а ўслед і іншыя медыя.

Чытайце: Ціханоўская шчыра расказала пра хваробу сына і нябачную працу жанчын. «Дзесяць гадоў свайго жыцця я прысвяціла яму і яго рэабілітацыі»

«Мы зрабілі яму аперацыю даволі позна, страцілі шмат часу. І наступныя дзесяць гадоў свайго жыцця я прысвяціла яму і яго рэабілітацыі. Я памятаю гэты час безвыходнасці, калі ты задаешся кучай пытанняў: чаму гэта здарылася з намі, я нічога не ўмею, нічога не ведаю, напэўна, мы ніколі не рэабілітуемся, ён ніколі не загаворыць. Але кожны дзень займалася з ім і са спецыялістам, разумеючы, што гэта зараз мая работа і я цалкам выкладвaлася», — расказвала Ціханоўская.

Яна адзначыла, што побач з ёй была сям'я, спецыялісты і сябры.

«Сыну прыйшлося ахвяраваць дзяцінствам, каб стаць нармальным. І цяпер ён гаворыць без перапынку. Я шалёна шчаслівая. Калі людзі бачаць майго сына, абсалютна адукаванае і эрудзіраванае дзіця, якое без прыпынку расказвае нейкія гісторыі з інтэрнэту, усе глядзяць і думаюць: ён гаворыць, што тут такога? Нічога ж. І толькі вузкае кола людзей разумее, якая нябачная дзесяцігадовая работа была праведзена. І мне ёсць чым ганарыцца насамрэч. Я разумею, што не кожны гэтую нябачную работу з маім дзіцем ацэніць, не кожны яе бачыць», — прызналася лідарка дэмакратычных сіл.

На яе выступ адрэагаваў Сяргей Ціханоўскі.

«Гаворыцца, што Святлана сама, у адзіночку, 10 гадоў змагалася з хваробай сына і перамагла. На жаль, гэта хлусня. Наш сын не рэабілітаваўся цалкам і мае сур'ёзныя псіхічныя праблемы», — заявіў сваёй аўдыторыі Ціханоўскі.

На яго думку, прамова Святланы была «адказам» на пытанне, ці была Святлана выпадковым чалавекам да лета 2020 года: «Офіс спрабуе пераканаць усіх, што яна была змагаркай. Проста на іншым фронце».

Ціханоўскі вырашыў адзначыць свой унёсак: «У артыкуле не згадваецца, што рэабілітацыя адбывалася ў кватэрах і дамах, якія купіў я, на курортах, што наладка [абсталявання для сына] рабілася ў Варшаве і Піцеры, што аплачваліся паездкі за мяжу, візы, лекары».

Ціханоўскі заклікаў не выкарыстоўваць дзяцей у палітычных спрэчках.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула