Грамадства1818

Ціханоўская шчыра расказала пра хваробу сына і нябачную працу жанчын. «Дзесяць гадоў свайго жыцця я прысвяціла яму і яго рэабілітацыі»

Святлана Ціханоўская апісала, як дзесяць гадоў дапамагала свайму сыну пачаць чуць і якую нябачную працу жанчыны выконваюць штодзень. Прыводзім тэкст яе выступу, запісаны «Люстэркам».

Святлана Ціханоўская з сынам Карнеем у 2011 годзе. Фота: асабісты архіў

Давайце ўявім: кастрычніцкая раніца, у гэты дзень Хэлоўін. Я буджу сваіх дзяцей у школу нашмат раней, чым звычайна. Бо праз дзве гадзіны ў мяне самалёт, а гэтай раніцай я хацела б пабыць мамай і сама размаляваць твары сваім дзецям, каб яны адчувалі сябе класна ў школе. У гэты момант я думаю пра будучыя палітычныя сустрэчы — тэзісы, наратывы, што і каму сказаць, успамінаю твары.

Усё, мы разбегліся: дзеці ў школу, я ў аэрапорт. І ўжо праз дзве гадзіны я сяджу на сустрэчы з кіраўніком краіны, я сканцэнтраваная на размове, мне трэба шмат пра што сказаць: як дапамагчы нашым палітвязням, медыя, як прыцягнуць увагу да нашага крызісу і гэтак далей.

А ў мяне праскоквае думка: а як там зараз мае дзеці? Я адчуваю такую віну і злосць на сябе за тое, што не магу быць у гэты асаблівы для іх дзень, не магу даведацца, як іх сябры адрэагавалі на іх вобразы, як яны сябе пры гэтым адчуваюць. І ніхто ў зале перамоваў не ведае, што я зараз думкамі там.

У гэты момант я раблю дзве нябачныя работы: адначасова і мама, і палітык. Я хацела б пагаварыць якраз пра гэты нябачны бок нябачнай работы.

«Поўная занятасць»

Мой старэйшы сын нарадзіўся глухім.

Мы зрабілі яму аперацыю даволі позна, страцілі вельмі шмат часу. І наступныя дзесяць гадоў свайго жыцця я прысвяціла яму і яго рэабілітацыі. Я памятаю гэты час безвыходнасці, калі ты задаешся кучай пытанняў: чаму гэта здарылася з намі, я нічога не ўмею, нічога не ведаю, напэўна, мы ніколі не рэабілітуемся, ён ніколі не загаворыць. Але кожны дзень займалася з ім і са спецыялістам, разумеючы, што гэта зараз мая работа і я цалкам выкладaлася.

Былі розныя этапы. Быў дааперацыйны перыяд: усе даследаванні, якія мы праходзілі — у Мінску, у Гомелі, куды толькі не хадзілі, — гэта я з ім. Потым сама аперацыя — я з ім. А пасляаперацыйны перыяд — гэта ўжо больш не медыцынскія працэдуры, а рэабілітацыя.

Медыцынская частка — гэта калі трэба было кожныя два гады праходзіць усіх дактароў для пацверджання інваліднасці. А рэабілітацыя — гэта бясконцыя заняткі: пяць дзён на тыдзень па дзве гадзіны з сурдапедагогам і дэфектолагам, я была з ім. Але на гэтым мая работа не заканчвалася: я прыходзіла дадому і працягвала займацца гукамі, словамі — выклікаць гукі, гукаперайманні, словы, сказы і гэтак далей.

То-бок, гэта была такая «поўная занятасць».

Святлана Ціханоўская з сынам Карнеем у 2013 годзе ў Мінску. Фота: асабісты архіў

Побач са мной была сям'я, спецыялісты, сябры. Я, вядома, сама вельмі шмат уклала, і сыну прыйшлося ахвяраваць дзяцінствам, каб стаць нармальным. І зараз ён гаворыць без змоўку. Я шалёна шчаслівая. Калі людзі бачаць майго сына, абсалютна адукаванае і эрудыраванае дзіця, якое без прыпынку расказвае нейкія гісторыі з інтэрнэту, усе глядзяць і думаюць: ён гаворыць, што тут такога? Нічога ж. І толькі вузкае кола людзей разумее, якая нябачная дзесяцігадовая работа была праведзена.

І мне ёсць чым ганарыцца насамрэч. Я разумею, што не кожны гэтую нябачную работу з маім дзіцем ацэніць, не кожны яе бачыць.

Я шмат чым ахвяравала: не змагла рэалізоўвацца і працаваць, увесь час была ў дзіцяці. Калі яму стала лепш, я думала, што зараз нарэшце пачну жыць.

Але здарыўся 2020 год. І пачаўся другі этап такой жа нябачнай работы. Магчыма, знешне гэта выглядае прыгожа: сустрэчы, паездкі, сцягі, фатаграфіі, прэзідэнты, канферэнцыі, выступленні і гэтак далей. Але дзеля нейкага нават самага малога выніку і поспеху ты праводзіш сотні сустрэч, паўтараеш адно і тое ж сотні разоў, каб нешта атрымалася.

«Абясцэньванне, якое дэматывуе больш за ўсё»

Нядаўна ў Швецыі пачалі прымаць пратэрмінаваныя дакументы. Гэта стала магчымым дзякуючы вялікай колькасці работы: зносіны з журналістамі, экспертамі, палітыкамі, парламентарыямі. І гэта не толькі мая работа, а многіх беларусаў. І што я чую? Чаму ў іншых краінах гэтага ж не дасягнулі? Чаму яшчэ дзесяць дзяржаў зараз не прызнаюць пратэрмінаваныя пашпарты?

Міжнародны гуманітарны фонд для дапамогі палітвязням. Ад узнікнення ідэі да рэалізацыі прайшло тры гады. Тры гады нябачнай работы, калі ты прапіхваеш гэтую ідэю, якая стала нашым беспрэцэдэнтным дасягненнем. Ты кожнаму тлумачыш сутнасць, задачы, значэнне. Для мяне гэта было важна, таму што я разумела: будуць выходзіць людзі і трэба ім дапамагчы. Я часам стамлялася тлумачыць: здавалася, што ўсім жа зразумела, навошта гэта трэба. Але ўсё роўна кожны дзень рабіла гэта. Што я часта чую ў адказ? «Чаму не ўсе краіны заданацілі? Чаму так мала грошай?»

Святлана Ціханоўская сустракае вызваленых палітвязняў. Вільня, Літва, 16 верасня 2026 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Як і ў першым выпадку з сынам, так і ў палітычнай рабоце адбываецца абясцэньванне, якое дэматывуе больш за ўсё. Людзі, якія не бачаць, не ўсведамляюць, не разумеюць гэты нябачны бок работы, думаюць, што проста пашчасціла — неяк само сабой усё здарылася і асабліва шмат намаганняў прыкладаць было не трэба.

«А што вы наогул робіце?»

Дзякуй богу, такія папрокі я чую нячаста. Часцей за ўсё гэта адбываецца ў сацсетках, у нейкіх перапалках. Падысці і наўпрост сказаць мне, што я нічога не раблю, напэўна, у людзей не хапае духу. Або яны ведаюць, што я магу аргументаваць, чаму гэта не так.

Але ўсё роўна такія рэчы дэматывуюць. Ёсць адчуванне, што людзі ўжо прывыклі да нейкіх поспехаў — я б назвала іх поспехамі. Тыя ж сустрэчы на высокім узроўні — гэта вялікія дасягненні, якія грамадства ўжо ўспрымае як належнае.

Або, напрыклад, канферэнцыі ў Еўропе, доступ да якіх маюць толькі прадстаўнікі дзяржаў. Тое, што мы туды трапляем і можам гаварыць ад імя беларусаў, таксама здаецца ўсім само сабой зразумелым: «Ну, зноў гэтая канферэнцыя, зноў яна кудысьці паехала — падумаеш!»

Святлана Ціханоўская дае інтэрв'ю на палях канферэнцыі па аднаўленні Украіны. Гданьск, Польшча, 25 чэрвеня 2026 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

А я разумею адваротны бок. Я разумею, колькі намаганняў трэба прыкласці, каб сустрэцца з кімсьці, кудысьці паехаць, напісаць паперы, перадаць нейкія пазіцыі. Гэта ўсё вялікая-вялікая праца.

Але ў твар людзі часцей за ўсё кажуць словы падзякі. Часам, праўда, на нейкіх дыскусіях мне задавалі пытанне: «А што вы наогул робіце?» І тут можна бясконца прыводзіць прыклады — у залежнасці ад кантэксту: што мы робім у Польшчы, у Літве, у свеце, у Амерыцы.

«Можа, я насамрэч нічога такога і не зрабіла?»

Усе жанчыны робяць гэтую нябачную работу. Журналістка, якая дасягнула поспеху. Усе глядзяць: класная прафесіяналка, працуе. Ніхто не ведае, што за гэтым поспехам стаяць дзясяткі артыкулаў, якія нідзе не былі размешчаны, або трэба было аддаваць іх не туды, куды хацелася б, каб хоць неяк напрацоўваць вопыт. І, магчыма, чалавек ужо быў на мяжы страты веры ў сябе.

Жанчына бізнэсу. Магчыма, многія не ўсведамляюць, колькі бяссонных начэй, недаядання, немагчымасці правесці час з сям'ёй, удзяліць увагу родным, пазычання грошай у кагосьці, з кім наогул не хочацца мець зносіны. На такую жанчыну глядзяць: «Прыгожая, цудоўная, са сваім бізнэсам — пашчасціла».

Па сабе мяркую, што вельмі часта вось такое знешняе абясцэньванне пачынае ператварацца ўжо ў сваё ўласнае. Ты сама сабе пачынаеш задаваць пытанні: можа, я насамрэч як бы і не ўклалася, і нічога такога і не зрабіла, можа, яно неяк само сабой атрымалася?

Напачатку, каб у мяне не запусціўся гэты працэс самаабясцэньвання, побач былі людзі, якія тлумачылі мне, што работа зроблена і што гэта цяжкая работа. Таму што са свайго пункту гледжання я не заўсёды магла ацаніць тое, што мы робім. У мяне проста не было досведу. Я не ведала: гэта каштоўна ці так можа кожны?

Святлана Ціханоўская з удзельніцамі жаночага сняданку ў межах канферэнцыі «Новая Беларусь». Варшава, Польшча, 9 жніўня 2026 года. Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

«Вучышся сябе цаніць, калі ты абароненая»

На дзяржаўным узроўні жанчынам павінна давацца больш магчымасцяў для прафесійнага росту. У некаторых краінах, напрыклад, на заканадаўчым узроўні прадугледжана, што тата павінен браць адпачынак па доглядзе за дзіцем, пакуль мама працуе. Каб тата на сабе гэта адчуў.

Трэба праводзіць палітыку падтрымкі жанчын унутры краіны: больш працаваць над тым, каб не было хатняга гвалту, каб мужчыны разумелі сваю адказнасць за гэта. Каб жанчыны самі паступова вучыліся сябе цаніць.

А вучышся сябе цаніць, калі ты абароненая. Калі разумееш, што з любой сітуацыі ў цябе ёсць выхад, што табе заўсёды акажуць дапамогу — і не хтосьці заданаціць, а дапамога на дзяржаўным узроўні.

Цяпер жанчыне часта проста няма куды пайсці. А абароненасць дае ўпэўненасць у сабе. І тут ужо адносіны будуць будавацца не на дамінаванні і падпарадкаванні, ды яшчэ з прымяненнем гвалту, а на роўных, на павазе, на супольных інтарэсах.

На ментальным узроўні гэта мяняецца, але вельмі паступова. І нам усім трэба памятаць, што гэтая нябачная работа праведзена намі. Я хацела б, каб нашы жанчыны не дазвалялі абясцэньваць тое, што яны робяць і чаго ўжо дасягнулі.

Я вельмі хачу папрасіць кожнага і кожную з вас сёння да канца дня знайсці побач жанчыну, падысці да яе і сказаць: «Я бачу тваю работу, я бачу, што ты робіш, я бачу, як гэта цяжка». Магчыма, яна не паверыць з першага разу, а вы ёй паўторыце. Таму што гэта работа, і яна сапраўдная.

Каментары18

  • БЕРАСЦЬ
    19.09.2026
    Усё так, Святлана. Толькі што ні агентам, ні мізантропам, ні зайздроснікам вы нічога не дакажаце. Таму і не перажывайце. Рабіце сваю работу. А тое, што вы выцягнулі сына - то і паказвае, які вы моцны, мэтаскіраваны, валявы чалавек. І чалавек сумлення. Другая здала б у інтэрнат і жыла ў сваю асалоду, гуляла, а вы цягнулі! І выцягнулі! Дык гэта па ўсіх вашых дзеянняў апошнія 6 гадоў бачна, што вы чалавек сумлення, любы разумны чалавек тое бачыў.
  • Янажмаць
    19.09.2026
    І ані слаўца пра бацьку дзяцей, які ўсе гэтыя гады спачатку працаваў як вол, каб яна магла спакойна сядзець дома з дзецьмі і займацца іх дабрабытам. Хаця магла цалкам пайсці працаваць і быць самастойнай. Магла б прыносіць у дом грошы, наймаць для дзяцей і хатніх настаўнікаў, і добрых спецыялістаў, і скіроўваць у добрыя лякарні, а не швэндацца па гэтым беларускім забягалаўкам.

    І ані слаўца пра мужа, які ахвяраваў гадамі свайго жыцця ў турме, каб яна мела магчымасць на ягонай працы збудаваць сабе прыстойнае жыццё за мяжой з добрым заробкам і працай з нічым неабмежаваным бестэрміновым кантрактам, падарожжамі, аховай, адсутнасцю адказнасці за што б то ні было. Хаця ўстае пытанне: а што б ты рабіла за мяжой, каб не ягоны створаны капітал? Кім бы ты была? За якія грошы падымала б дзяцей?

    Трэба на дзяржаўным узроўні абараніць правы мужа і бацькі перш за ўсё. Каб ён не пахаў увесь час, ахвяруючы сваім жыццём дзеля сям'і, а адчуваў адпаведны ўнёсак у сямейны дабрабыт ад жанчыны. Жанчына павінна працаваць так жа, як і мужчына. Ніякіх дэкрэтаў быць не можа. Як у ЗША. І эканоміку падымем, і спынім жаночы хатні гвалт і цкаванне ў дачыненні да мужчын, і пераможам заўчаснае паміранне нашага моцнага полу, праца якога застаецца нябачнай і такой абясцэненай, як у гэтым ганебным артыкуле.
  • Steuer
    19.09.2026
    Міко, они не собирают налогов, они вынимают деньги из карманов каждого белоруса иным способом: через санкции, направленные прежде всего против простых белорусов

Цяпер чытаюць

«Шаўрон можна зняць толькі з майго халоднага цела». Дабраахвотнік «Соня» — пра тое, чаму вайна для яго стала надзеяй

«Шаўрон можна зняць толькі з майго халоднага цела». Дабраахвотнік «Соня» — пра тое, чаму вайна для яго стала надзеяй

Усе навіны →
Усе навіны

Паведамленні, што ў кабіне пілотаў на борце з Дубая ў Тэль-Авіў пабіліся расіянін і ўкраінец, аказаліся фэйкам4

Беларусь выдала ЗША амерыканскага бухгалтара, які амаль 10 гадоў хаваўся ў Расіі ад падатковай справы7

Знойдзена самая няўдалая кур’ерка тэлефонных махляроў: з ламбарда выгналі, картку заблакавалі, а міліцыянеры затрымалі

«Як я без цябе?» Зміцер Дашкевіч напісаў дзве кнігі пра перажытае і перадуманае ў калоніі. Абвешчаны збор грошай на выданне5

Адзін з пілотаў спрабаваў накіраваць самалёт у зямлю, другі перашкодзіў гэтаму. Драматычныя падзеі на борце з Дубая ў Тэль-Авіў14

Беларуская дальнабойшчыца мірна стаяла ў заторы ў Германіі, калі пад яе машыну з размаху рэзнуўся легкавік2

Кіраўніка вялікай кампаніі сельгастэхнікі асудзілі за палітыку

Хацелі ўкласціся ў 45 тысяч, а выйшла 75 тысяч рублёў. Маладыя расказалі пра выдаткі на вяселле17

«Да апошняга моманту верылі, што хвароба будзе пераможаная». Іна Кулей пра хваробу і смерць Аляксандра Мілінкевіча і яго спадчыну4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шаўрон можна зняць толькі з майго халоднага цела». Дабраахвотнік «Соня» — пра тое, чаму вайна для яго стала надзеяй

«Шаўрон можна зняць толькі з майго халоднага цела». Дабраахвотнік «Соня» — пра тое, чаму вайна для яго стала надзеяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць