БЕЛ Ł РУС

Фінляндыя выдзеліць дадатковыя 100 тысяч еўра на дапамогу палітвязням

23.09.2026 / 10:14

Nashaniva.com

На палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская правяла сустрэчы з міністаркай замежных спраў Фінляндыі Элінай Валтанен і палітычным дзяржаўным сакратаром МЗС Пасі Раялам, паведамляе прэс-служба дэмакратычнай лідаркі.

Святлана Ціханоўская з Элінай Валтанен, фота ОСЦ

Пасля сустрэч фінскі бок абвясціў пра дадатковыя 100 тысяч еўра на дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Сродкі будуць накіраваныя праз Міжнародны гуманітарны фонд і беларускія праваабарончыя арганізацыі, якія дапамагаюць палітвязням, вызваленым і іх сем’ям. Фонд працуе праз правераныя партнёрскія арганізацыі і забяспечвае фінансавую, прававую, псіхалагічную і іншую дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій.

Гэта ўжо другі ўнёсак Фінляндыі ў Міжнародны гуманітарны фонд. Новая дапамога асабліва важная на фоне новых вызваленняў: 16 верасня з беларускіх турмаў выйшлі 25 палітвязняў, якіх вывезлі ў Літву, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.

Падчас сустрэч таксама абмеркавалі далейшыя намаганні па вызваленні палітвязняў, сітуацыю бяспекі ў Беларусі і рызыкі далейшага ўцягвання краіны ў расійскую вайну супраць Украіны. Асобна з дзяржаўным сакратаром Ціханоўская ўзняла праблемы беларусаў, якія жывуць у Фінляндыі, — пратэрмінаваныя пашпарты, дакументы і легалізацыя.

«Дзякую Фінляндыі за паслядоўную салідарнасць з беларусамі. Асабліва важна, што гэтая падтрымка ператвараецца ў канкрэтную дапамогу людзям — палітвязням, вызваленым і сем’ям рэпрэсаваных. Мы павінны быць гатовыя да новых вызваленняў загадзя, каб чалавек, які выходзіць з турмы, адразу атрымаў неабходную падтрымку», — адзначыла Святлана Ціханоўская.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула