БЕЛ Ł РУС

Сустрэчу Рыжанкова з Сікорскім папрасіў Мінск. Што каманда Ціханоўскай абмяркоўвала з палякамі да і пасля яе

23.09.2026 / 21:41

Nashaniva.com

У камандзе Святланы Ціханоўскай лічаць гэты кантакт палітычным авансам для Лукашэнкі і тлумачаць, якія дзеянні цяпер чакаюць ад беларускіх уладаў.

Радаслаў Сікорскі на палях Генасамблеі ААН. Фота тут і далей: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

Сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі і Польшчы Максіма Рыжанкова і Радаслава Сікорскага ў Нью-Ёрку адбылася з ініцыятывы беларускага боку. Пра гэта «Нашай Ніве» расказаў дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

Перад размовай двух міністраў Святлана Ціханоўская сустрэлася з Радаславам Сікорскім. Адразу пасля перамоваў прадстаўнікі яе каманды таксама абмеркавалі іх з кіраўніком польскай дыпламатыі.

Першая сустрэча міністраў пасля 2020 года

Рыжанкоў і Сікорскі сустрэліся 22 верасня на палях Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Гэта быў першы такі кантакт пасля падзей 2020 года і рэзкага пагаршэння беларуска-польскіх адносін.

Беларускае МЗС паведаміла, што міністры абмеркавалі стан адносін паміж дзвюма краінамі, магчымасці іх развіцця і сітуацыю ў рэгіёне.

Сам Радаслаў Сікорскі быў больш канкрэтным. Ён расказаў, што гаворка ішла пра становішча на мяжы і рэгіянальную бяспеку. На пытанне, ці заклікаў ён Мінск не дазваляць Расіі выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю для пралёту ракет і беспілотнікаў, польскі міністр адказаў: «У тым ліку».

Сустрэчу ён назваў «першай, азнаямляльнай». Сікорскі таксама паведаміў, што кантакты адбываюцца паміж іншымі ведамствамі і на іншых узроўнях, а Польшча рыхтуецца адкрыць новы будынак сваёй амбасады ў Мінску.

Магчымую нармалізацыю адносін польскі міністр параўнаў з пралескай, якая «можа расцвісці, калі надвор’е будзе спрыяльным». 

«Крэдыт, выдадзены авансам»

Паводле Дзяніса Кучынскага, каманда Святланы Ціханоўскай была ў курсе кантэксту перамоваў двух міністраў і падтрымлівала кантакт з польскім бокам да і пасля сустрэчы.

«Святлана Ціханоўская размаўляла з міністрам Сікорскім у панядзелак, да яго сустрэчы з Рыжанковым. Практычна адразу пасля сустрэчы Сікорскага з Рыжанковым у нас з Франакам Вячоркам была змястоўная размова з міністрам Сікорскім. Таму ў нас ёсць дакладнае разуменне кантэксту гэтай сустрэчы і яе сутнасці», — расказаў дарадца.

Ён падкрэсліў, што правесці перамовы папрасіў Мінск.

«Ініцыятыва сустрэчы зыходзіла ад беларускага рэжыму», — адзначыў Дзяніс Кучынскі.

Святлана Ціханоўская і Дзяніс Кучынскі

Перад размовай Сікорскага з Рыжанковым Святлана Ціханоўская абмеркавала з кіраўніком польскай дыпламатыі палітвязняў, вайну Расіі супраць Украіны і мілітарызацыю Беларусі. Асобнай тэмай стала залежнасць Лукашэнкі ад Крамля.

У камандзе Ціханоўскай сам факт сустрэчы ацэньваюць як палітычны аванс для Мінска. Дзяніс Кучынскі звярнуў увагу, што перамовы прайшлі на палях Генеральнай асамблеі ААН, дзе падобныя кантакты адбываюцца рэгулярна. Аднак для беларускіх уладаў, якія імкнуцца выйсці з міжнароднай ізаляцыі, нават такая размова мае значэнне.

«Сам факт такога кантакту — гэта ўжо аванс для рэжыму. Цяпер пытанне ў тым, ці скарыстаецца ён гэтым для рэальных крокаў», — лічыць дарадца.

Паводле яго, гэтая сітуацыя стане таксама праверкай здольнасці Мінска дзейнічаць самастойна:

«Фактычна гэта тэст на тое, ці мае рэжым Лукашэнкі хоць нейкую суб’ектнасць і самастойнасць, у чым мы маем сур’ёзныя сумневы. Калі гэты крэдыт зноў будзе змарнаваны, гэта стане яшчэ адным сведчаннем таго, што рэжым не здольны дзейнічаць самастойна».

Канкрэтнымі крокамі, якіх Польшча і іншыя еўрапейскія краіны чакаюць ад Мінска, Дзяніс Кучынскі назваў спыненне рэпрэсій, вызваленне палітвязняў, спыненне пераследу беларусаў у краіне і за мяжой, а таксама адмову ад саўдзелу ў расійскай агрэсіі супраць Украіны і гібрыдных атаках на суседнія дзяржавы.

На думку дарадцы, сустрэча ў Нью-Ёрку пакуль не сведчыць пра змену палітыкі Варшавы. Польскія ўлады разумеюць, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, Мінск падтрымлівае Расію ў вайне супраць Украіны, а суседнія краіны ЕС сутыкаюцца з міграцыйным і іншым гібрыдным ціскам.

Беларускія ўлады, у сваю чаргу, ведаюць, якія крокі неабходныя для паляпшэння адносін з Польшчай. Аднак раней Мінск ужо спрабаваў выкарыстоўваць міжнародныя кантакты ў прапагандысцкіх мэтах, прадстаўляючы сам факт размовы як паслабленне ізаляцыі. Цяпер далейшае развіццё адносін будзе залежаць ад таго, ці пацвердзяць беларускія ўлады свае заявы рэальнымі дзеяннямі.

«Каб не было вяртання да business as usual»

Падчас паездкі ў Нью-Ёрк Святлана Ціханоўская сустрэлася таксама з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім. Асноўнай тэмай размовы стала будучая палітыка Польшчы ў дачыненні да афіцыйнага Мінска:

«Гаварылі пра важнасць захавання Польшчай моцнай, прынцыповай палітыкі, заснаванай на каштоўнасцях, у дачыненні да беларускага рэжыму. Каб не было вяртання да business as usual і каб любыя далейшыя крокі залежалі ад рэальных дзеянняў рэжыму».

Караль Наўроцкі і Святлана Ціханоўская на палях Генасамблеі ААН

Такім чынам, выглядае, Варшава пакідае магчымасць для далейшых кантактаў з Мінскам, аднак іх працяг будзе залежаць ад таго, ці зробяць беларускія ўлады крокі ў пытаннях палітвязняў, рэпрэсій, бяспекі мяжы і расійскай вайны супраць Украіны.

Чытайце таксама:

Варшава аслабляе дыпламатычны ігнор Мінска. Упершыню пасля 2020‑га сустрэліся міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы 

Польшча адкрые новы будынак пасольства ў Мінску

Ціханоўская: Цяпер не час гандляваць з дыктатарамі

Каментары да артыкула