«Настойліва рэкамендавалі» не хаваць яе на радзіме». Муж Святланы Курс расказаў новыя падрабязнасці пра яе пахаванне
Днямі ў беларускіх медыя з'явіліся артыкулы пра тое, што ўлады праігнаравалі просьбы сваякоў Святланы Курс дапамагчы пахаваць яе на радзіме. Амбасада не звяртала ўвагі на звароты сям'і, а чыноўнікі былі катэгарычна супраць любой публічнай падзеі, звязанай з пісьменніцай. Муж Святланы, Сяргей, расказаў «Еўрарадыё» яшчэ некаторыя падрабязнасці.
Магіла Святланы Курс. Фота з сацыяльных сетак
Па словах Сяргея, існуюць два спосабы перавозкі нябожчыка праз мяжу ў Беларусь. Першы — перавозка цела, на якую неабходны дазвол амбасады. Другі — перавозка праху прыватнай фірмай.
«Спачатку была ідэя перавезці цела, каб можна было развітацца, а потым ужо зрабіць крэмацыю ў Беларусі, бо Света хацела крэмацыю. Я два дні бесперапынна званіў у амбасаду. Слухаўку не здымалі ні па адным з нумароў. Урэшце туды паехаў. Званіў у брамку. Сказалі: «Пішыце мэйлы».
Апроч таго, дадае муж Святланы Курс, дадатковых вялікіх грошай каштавала ўтрыманне цела ў прыватным празекторыуме і афармленне дакументаў з апастылямі, на якія было амаль немагчыма запісацца праз попыт.
У выніку сям’я вырашыла звярнуцца ў прыватную фірму, якая сертыфікавана займаецца такога кшталту перавозкамі. Дзеля гэта быў патрэбны толькі дазвол на пахаванне ад сельсавета на Любаншчыне, які атрымалі бацькі Курс.
Па словах Сяргея, сям’я баялася ўвагі да пахавання Святланы з боку беларускіх уладаў праз ужо агучаную па тэлебачанні рэакцыю прапагандыстаў. Да таго ж, напярэдадні маці Святланы званілі ананімы, якія «настойліва рэкамендавалі» не хаваць яе на радзіме.
«А маці так хацела Светку пахаваць дома, што нам пра гэта не сказала. І толькі потым іншыя сваякі сказалі. А яна гэты факт замоўчвала, баялася, што мы не прывязём, — кажа Сяргей. — Але самае галоўнае — гэта тое, што Свету пахавалі на радзіме».
Святлана Курс была пахаваная 22 жніўня.
Чытайце таксама:
Амбасада не адказвала, таму сям'я Святланы Курс сама шукала спосаб перавезці яе прах
Яблык на магіле Святланы Курс ФОТАФАКТ