БЕЛ Ł РУС

У Еўрасаюзе дамовіліся размарозіць 6,6 мільярда еўра для Украіны

25.09.2026 / 18:12

Nashaniva.com

Краіны Еўрасаюза дамовіліся разблакаваць праграму вайсковай дапамогі Украіне на 6,6 мільярда еўра. Гэтыя сродкі былі замарожаныя з вясны 2023 года пасля таго, як Венгрыя наклала вета на выкарыстанне Еўрапейскага фонду міру для кампенсацыі краінам ЕС кошту зброі і боепрыпасаў, якія яны перадавалі Украіне, піша Euronews.

Кая Калас. Фота: Mostafa Darwish/Anadolu via Getty Images

Палітычнае пагадненне было дасягнута 25 верасня на пасяджэнні Камітэта па палітыцы і бяспецы ЕС у Бруселі. Вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежнай палітыцы Кая Калас назвала гэта добрай навіной для Украіны і заявіла, што Еўропа не збіраецца скарачаць падтрымку Кіева.

Еўрапейскі фонд міру быў створаны для частковай кампенсацыі краінам ЕС выдаткаў на вайсковую дапамогу Украіне. У першыя гады вайны ён быў адным з асноўных механізмаў еўрапейскай падтрымкі, але ў маі 2023 года Венгрыя заблакавала далейшае выкарыстанне сродкаў.

Пераадолець гэтую блакіроўку атрымалася толькі ў 2026 годзе. Пасля парламенцкіх выбараў у Венгрыі ў красавіку і прыходу да ўлады новага прэм’ер-міністра Петэра Мадзьяра краіны ЕС пачалі перамовы аб умовах размарожвання сродкаў.

Па словах Калас, пакет у 6,6 мільярда еўра падзелены на тры часткі. 4,7 мільярда еўра прызначаныя для кампенсацыі краінам выдаткаў на ўжо перададзеную зброю, 1 мільярд — на сумесныя закупкі вайсковай тэхнікі, яшчэ 900 мільёнаў — на місію ЕС па падрыхтоўцы ўкраінскіх вайскоўцаў. Некаторыя краіны плануюць накіраваць сваю частку сродкаў з першага пакета непасрэдна Украіне.

Аднак для фактычнага пералічэння грошай яшчэ неабходна прыняць некалькі адпаведных прававых актаў.

Рашэнне прынята ў складаны для Украіны момант. Бюджэту яе Міністэрства абароны не хапае каля 27 мільярдаў даляраў, або 23,67 мільярда еўра. Еўракамісія і Міжнародны валютны фонд абмяркоўваюць з украінскім урадам магчымыя шляхі вырашэння праблемы.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што пытанне з дэфіцытам неабходна вырашыць ужо ў кастрычніку—лістападзе, каб забяспечыць аплату паставак беспілотнікаў, запланаваных на першыя тры месяцы 2027 года. Паводле яго слоў, значная частка дэфіцыту звязаная менавіта з фінансаваннем вытворчасці ўзбраенняў, у тым ліку беспілотнікаў і ракет.

Чытайце таксама:

Мерц заявіў пра вырашальныя тыдні і месяцы ў супрацьстаянні з Расіяй

Францыя праціснула рашэнне аб зняцці санкцый з Усманава і Фрыдмана

Зяленскі: Праз 10 дзён Кіеў і Вашынгтон абмяркуюць вынікі кансультацый з Бруселем і Масквой

Каментары да артыкула