БЕЛ Ł РУС

Трамп не пусціў CNN на борт свайго самалёта

26.09.2026 / 19:11

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп забараніў журналістам CNN суправаджаць яго на борце прэзідэнцкага самалёта Air Force One падчас паездкі ў штат Тэнэсі. Тэлеканал павінен быў працаваць у складзе тэлевізійнай групы журналістаў і асвятляць візіт Трампа ў Ноксвіл, дзе прэзідэнт планаваў наведаць матч студэнцкага футбола. Белы дом без тлумачэння прычын адклікаў акрэдытацыю CNN на гэты рэйс.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo / Luis M. Alvarez

На працягу многіх гадоў CNN уваходзіў у ратацыю пяці найбуйнейшых амерыканскіх тэлеканалаў, прадстаўнікі якіх атрымлівалі магчымасць ляцець разам з прэзідэнтам і асвятляць яго паездкі. Цяпер замест CNN Белы дом уключыў у журналісцкую групу кансерватыўны тэлеканал Real America’s Voice.

Гэта адбылося на фоне канфлікту адміністрацыі Трампа з CNN, Politico і MS NOW. Трамп абвінавачваў гэтыя СМІ ў распаўсюджванні «фэйкавых навін», а раней распарадзіўся пазбавіць іх пастаяннага доступу ў Белы дом. На мінулым тыдні супрацоўнікі Сакрэтнай службы не дапусцілі журналістаў трох выданняў на тэрыторыю Белага дома і забралі ў іх прэс-карты.

Пазней федэральны суддзя ў Вашынгтоне часова адмяніў забарону на доступ журналістаў, аднак яго рашэнне тычылася менавіта Белага дома. Юрыст Элі Хоніг заявіў CNN, што адмова ў доступе да Air Force One можа супярэчыць «духу» гэтага судовага рашэння. Паводле яго меркавання, юрысты тэлеканала могуць зноў звярнуцца ў суд.

Чытайце таксама:

Журналістаў, якім Трамп забараніў з'яўляцца ў Белым доме, зноў сталі туды пускаць

Медыя з тэлевізійнага пула Белага дома падтрымалі тэлеканал CNN у канфлікце з Трампам. Не застаўся ўбаку і Fox News

Трамп закрыў CNN, MS NOW і Politico доступ у Белы дом

Каментары да артыкула