БЕЛ Ł РУС

Каля ўзбярэжжа Аргенціны сотнямі гінуць маладыя кіты. У чым прычына?

26.09.2026 / 20:44

Nashaniva.com

Каля ўзбярэжжа Аргенціны за апошнія некалькі месяцаў загінулі сотні дзіцянят паўднёвага гладкага кіта. Паводле папярэдніх звестак, прычынай масавай гібелі магла стаць бактэрыяльная інфекцыя, піша французскае інфармацыйнае агенцтва AFP.

Паўднёвыя гладкія кіты. Фота: Wikimedia Commons

Трывожная сітуацыя назіраецца з чэрвеня, а на гэтым тыдні на ўзбярэжжа паўднёвай часткі краіны вынесла дзясяткі мёртвых кіцянят. Даследчык Лабараторыі марскіх сысуноў пры Нацыянальнай радзе навуковых даследаванняў Марыяна Каскарэла адзначыў, што сёлета ўзровень смяротнасці сярод маладых кітоў асабліва высокі.

Навукоўцы мяркуюць, што жывёлы маглі загінуць у выніку ўспышкі рожы — сур'ёзнага захворвання, выкліканага бактэрыямі, якія жывуць на скуры кітоў. Пры гэтым спецыялісты лічаць, што прычына, верагодна, мае натуральны характар, хоць цалкам выключыць уплыў чалавечай дзейнасці пакуль нельга.

Паводле Каскарэлы, цяперашняя гібель кітоў не павінна стварыць пагрозы для папуляцыі ў рэгіёне ў сярэднетэрміновай перспектыве. Спецыялісты працягваюць даследаваць прычыны смерці жывёл.

Аргенцінскі горад Пуэрта-Мадрын і размешчаны побач паўвостраў Вальдэс з'яўляюцца важнымі месцамі размнажэння паўднёвых гладкіх кітоў. Дарослыя жывёлы могуць дасягаць 17 метраў у даўжыню і важыць у сярэднім каля 40 тон — прыкладна столькі ж, колькі чатыры сланы. Сярэдняя працягласць іх жыцця складае каля 60 гадоў.

У 2025 годзе ў гэтым раёне зафіксавалі рэкордную колькасць паўднёвых гладкіх кітоў — 2110 асобін, сярод якіх было каля 800 дзіцянят. Сёлета, паводле падлікаў мясцовых уладаў, у тутэйшых водах налічваецца каля 1375 кітоў, у тым ліку амаль 400 дзіцянят.

Чытайце таксама:

Ля берагоў Грэнландыі цяпер жывуць кіты — ім больш не перашкаджае лёд

Ісландыя аднаўляе кітабойны промысел — эколагі пратэстуюць

У Індыйскім акіяне знайшлі гіганцкія «могілкі кітоў», якія фармаваліся мільёны гадоў

Мёртвы кіт, знойдзены каля ўзбярэжжа Даніі — сапраўды шматпакутны Цімі

Каментары да артыкула