БЕЛ Ł РУС

Музыка, маляванне і танцы ў школах і гімназіях — усё? Што вядома пра скарачэнні настаўнікаў-эстэтыстаў

5.10.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Факультатывы эстэтычных кірункаў паступова прыбіраюць з праграмы навучання школ.

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: voran.by

На Гродзеншчыне масава скарачаюць настаўнікаў эстэтычных напрамкаў у школах і гімназіях.

«Цалкам прыбіраюць факультатывы музычнай скіраванасці і харэаграфіі, пакідаюць толькі кружкі. Куды ісці працаваць?» — задаецца пытаннем у трэдсах адна з настаўніц.

Педагог Настасся Капейка падзялілася сваім болем. «Я вельмі люблю сваю працу. Пяць гадоў стажу», — не хавае эмоцый яна.

Як стала вядома «Нашай Ніве», факультатывы эстэтычных накірункаў сапраўды паступова прыбіраюць з праграмы навучання. Працягнуць навучанне музыцы, харэаграфіі ці выяўленчаму мастацтву прапануецца ў профільных мастацкіх школах.

Лічыцца, што скарачэнні пачаліся ў выніку анансавання аптымізацыі колькасці бюджэтных работнікаў у пастанове Савета міністраў №57, падпісанай прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным у кастрычніку 2025 года. Некаторыя школы аптымізацыя ўжо закранула, але частка яшчэ працуе па старой схеме.

Так, у 192‑й сталічнай гімназіі паведамляюць, што ў гэтым годзе ўсе факультатывы актуальныя.

Тое самае і ў гімназіі №5 імя Уладзіміра Караткевіча ў Гродне.

«На сёння ў нас працуюць усе факультатывы. Усё ёсць. Але што будзе ў наступным годзе — невядома. Інфармацыя мяняецца, як вецер», — кажа прадстаўніца гімназіі.

Разам з гэтым некаторыя бацькі ўжо сутыкнуліся з тым, што ў новым навучальным годзе іх дзецям прыйшлося перарваць навучанне па мастацкіх прадметах.

«Сын ходзіць на гітару, у яго толькі стала нешта атрымлівацца і з'явілася цікаўнасць. І тут такое… У музычную школу мы дакладна не пойдзем — нагрузка для дзіцяці вельмі вялікая, найперш датычна перамяшчэння па горадзе. Ведаю, бо старэйшая дачка скончыла музычную школу і другі раз мы на такое не падпішамся: пасля адной школы іншая амаль штодзень, і ўвечары ўжо няма ніякіх сілаў на ўрокі», — падзялілася жыхарка Гродна.

Па словах жанчыны, у іх класе ўсе бацькі незадаволеныя: дзеці маглі на месцы займацца і музыкай, і маляваннем, і танцамі — гэта было выгадна ўсім бакам.

«Хацела запісаць дзіця на музыку, а музыкі не будзе. У музычную школу вадзіць не буду, няма часу на гэта. Было зручна, што ўсё ў школе і адразу пасля ўрокаў. Фактычна нас пазбавілі магчымасці навучання», — дадае яшчэ адна маці з Гродна.

«3 верасня ў нашай школе аб’явілі, што закрываюць эстэтычны кірунак. Старэйшаму сыну год засталося адвучыцца, малодшаму — тры. Прапанавалі ісці ў музыкалку. Але цягнуцца ў іншы канец горада — не, дзякуй», — скардзіцца беларуска з Ашмян.

Вядома, што ў некаторых рэгіёнах Беларусі скарачэнні настаўнікаў-эстэтыстаў пачаліся яшчэ ў мінулым навучальным годзе.

«Нам казалі, што гэта перамены найперш структурныя. Каб прыбраць са школы частку бюджэтных адзінак і перавесці мастацтва пад «спецыялізаваны» дах. Але па факце ў музычных школах і без нас ёсць свае педагогі, туды «з вуліцы» не праціснуцца. Акрамя таго, колькасць ахвотных займацца творчасцю ў іншым месцы, па-за школай, адразу змяншаецца», — апісала наступствы адна з выкладчыц па вакале з Магілёўшчыны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула