«Вусы Мулявіна» і «Крынж Еўфрасінні»: блогер АйЦіБарада зрабіў Alias па-беларуску
Беларус Аляксей Картыннік, які ў сеціве вядомы як блогер АйЦіБарада, «навайбкодзіў» беларускую версію вядомай гульні «Аліяс», дзе трэба тлумачыць загаданыя словы, не называючы іх, піша выданне Spravy.io.
Фота: linkedin.com/in/akartynnik
«Сядзелі нядаўна з сябрамі, захацелі пагуляць у «Аліяс». Палез шукаць беларускамоўную версію — і не знайшоў. Давялося гуляць у расейскамоўную, што зусім не гуд», — узгадвае Аляксей.
Выява: linkedin.com/in/akartynnik
Пакуль ішла гульня, блогер адкрыў камп’ютар, запусціў Claude Code і даў заданне «зрабі Alias па-нашанскаму». У выніку да канца партыі ўжо быў гатовы прататып, а на наступны дзень Аляксей разам з Claude і Junie за некалькі гадзін давёў гульню да прэзентабельнага стану. Цяпер яна даступная на сайце alias.itbeard.com.
Скрыншот: alias.itbeard.com
Правілы гульні:
Адзін чалавек тлумачыць слова, астатнія ў камандзе адгадваюць. Само слова і аднакарэнныя называць нельга, перакладаць на іншую мову таксама. Час абмежаваны, таму нават простае слова робіцца вельмі няпростым.
Унутры гульні 886 беларускіх слоў, якія прыдумаў штучны інтэлект, тры ўзроўні складанасці і магчымасць гуляць адной камандай ці сабраць да пяці камандаў для спаборніцтва. Гуляць можна проста ў браўзеры на тэлефоне, без спампоўвання і рэгістрацыі, а код гульні — адкрыты.
Скрыншот: alias.itbeard.com
Таксама Аляксей Картыннік дадаў крыху прыемнай дробязі:
«Ёсць рэжым для беларускай лацінкі, можна выбраць светлую або цёмную тэму. А назвы камандаў тутака кшталту «Вусы Мулявіна» і «Крынж Еўфрасінні» — калі зразумелі, пра што гаворка, то гарачае вам вітанне!»
Пазней блогер дадаў у «Аліяс па-беларуску» рэжым 18+, у якім ёсць дадатковыя 106 слоў.
Пра памылкі ў словах або ў працы сэрвісу блогер просіць пісаць яму асабіста або паведамляць на GitHub.
Але гэта не першая версія гульні ў словы, якую «навайбкодзілі» беларусы — як пісалі «Справы» яшчэ ў жніўні, беларус Алесь, які працуе менеджарам у IT-стартапе, таксама сутыкнуўся з тым, што няма як пагуляць у Alias па-беларуску. І ў выніку з дапамогай ШІ-сэрвісаў стварыў сваю гульню tlumach.app.
Чытайце таксама:
35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 35
Ад Baldur’s Gate 3 да Minecraft: з'явіўся сайт-каталог, дзе сабраны 180 відэагульняў па-беларуску