35 маладых беларусаў і беларусак, за якімі варта сачыць: апублікаваны першы спіс Next 35
Ад заснавальнікаў стартапаў і навукоўцаў да музыкаў, рэжысёраў і аўтараў медыяпраектаў — у першы Next 35 увайшлі беларусы і беларускі да 35 гадоў, якія будуюць кар'еру і ствараюць праекты міжнароднага маштабу. Расказваем, як з амаль 300 кандыдатаў выбралі 35 імёнаў і хто ў выніку трапіў у спіс.

Next 35 — новы штогадовы спіс 35 беларусаў і беларусак з усяго свету, якім яшчэ не споўнілася 35 гадоў і якія развіваюць кар'еру, бізнэс, навуковыя, культурныя і грамадскія праекты на міжнародным узроўні.
Праект запусцілі дзве беларускія ініцыятывы — Школа кампетэнцый (Competence School) і Belarus Future Leadership Award (BFLA).
Аўтары Next 35 адразу робяць важную агаворку: гэта не конкурс і не рэйтынг «35 найлепшых беларусаў». Яны апісваюць праект хутчэй як спробу зафіксаваць пакаленне ў пэўны момант — заўважыць людзей, якія цяпер растуць, запускаюць нешта новае і становяцца часткай міжнародных прафесійных супольнасцяў.
Кандыдатаў шукалі ў сямі катэгорыях: Rising Stars (Узыходзячыя зоркі), Impact (Уплыў), Builders (Стваральнікі), Creators (Крэатары), Artists (Мастакі), Innovators (Наватары) і Science & Thinkers (Навука і мысляры). Гэта значыць, у адным спісе вырашылі сабраць людзей з вельмі розных сфер — ад прадпрымальніцтва і тэхналогій да навукі, медыя і мастацтва.
Як выбіралі 35 чалавек
Падавацца можна было не толькі самому: удзельнікаў маглі намінаваць іншыя людзі.
У выніку ў лонг-ліст Next 35 трапілі 288 чалавек з 28 краін і 79 гарадоў. Заяўкі разглядалі адвайзеры Next 35 — эксперты з бізнэсу, тэхналогій, навукі, культуры і іншых сфер.
У кожнай з сямі катэгорый працавала некалькі такіх экспертаў. Яны правяралі заяўкі і дасягненні кандыдатаў і выстаўлялі ім балы па чатырох крытэрыях. Спачатку з агульнага пула сфарміравалі лонг-ліст, затым — шорт-ліст, а з яго — фінальную 35-ку.
Пры гэтым арганізатары кажуць, што глядзелі не толькі на тое, чаго чалавек ужо дасягнуў. Для Next 35 важная і траекторыя: куды чалавек рухаецца, наколькі маштабныя задачы перад сабой ставіць і ці выходзіць яго праца за межы адной краіны.
І вось хто ў выніку трапіў у першы Next 35.
Rising Stars (Узыходзячыя зоркі)

Ева Волкава — канцэртная скрыпачка
Ева — беларуская скрыпачка, якая ўпершыню выступіла сольна з Беларускім дзяржаўным сімфанічным аркестрам у 11 гадоў. Яна скончыла Гілдхолскую школу музыкі і тэатра, а цяпер на поўнай стыпендыі атрымлівае магістарскую ступень у Каралеўскім каледжы музыкі у Лондане. Ева перамагала на міжнародных конкурсах у Токіа і на Мальце, атрымала Гран-пры конкурсу «Акорды Хорціцы», а сёння выступае на вядомых сусветных сцэнах — ад Карнегі-хола да лонданскага Барбікан-цэнтра.

Мацвей Якубовіч — студэнт і распрацоўшчык ШI-праектаў
Мацвей — студэнт Універсітэта Фларыды і распрацоўшчык праектаў на аснове штучнага інтэлекту. Ён вырас у Лунінцы, атрымаў поўную стыпендыю на навучанне ў Каледжы аб’яднанага свету ў Дыліжане (UWC Dilijan), а затым паступіў ва Універсітэт Фларыды.
Цяпер юнак працуе ў даследчай лабараторыі над MolCrystalFlow — сістэмай генератыўнага ШI, якая прадказвае структуру малекулярных крышталяў. Паралельна ён стварае ўласныя прадукты: LegalAlien, звязаны са студэнцкімі візамі і дэдлайнамі, і Icarus — носную прыладу, якая папярэджвае пра рызыку перагрэву людзей, што працуюць на адкрытым паветры. Апошні праект ужо трапіў у стартап-інкубатар універсітэта.

Раман Сміціенка — студэнт і кіраўнік адукацыйнага праекта
Раман яшчэ ў школе пачаў удзельнічаць у кейс-чэмпіянатах: заняў другое месца на нацыянальным спаборніцтве і прадстаўляў Беларусь на міжнародным узроўні. Пазней ён пераехаў з Брэста ў Вільню, дзе цяпер вывучае эканоміку і аналіз даных ва Універсітэце менеджменту і эканомікі ISM.
Там юнак стаў праектным дырэктарам IGB — адукацыйнай платформы, якая дае студэнтам магчымасць працаваць з рэальнымі бізнэс-задачамі і атрымліваць практычны досвед. Першы чэмпіянат IGB, на які разлічвалі прыцягнуць 20 чалавек, сабраў 80 удзельнікаў з шасці краін. А падчас другога студэнты ўжо працавалі з кейсамі беларускай кампаніі і еўрапейскага стартапа.

Лілія Богдан — даследчыца і заснавальніца VirtuGlow
Лілія — 20‑гадовая даследчыца і заснавальніца стартапа VirtuGlow. Яна займалася даследаваннямі ў галіне біяінфарматыкі скуры, вывучала інжынерныя тэхналогіі ў Лёвенскім каталіцкім універсітэце (Бельгія) і вучылася ў Наньянскім тэхналагічным універсітэце ў Сінгапуры.
Цяпер Лілія спецыялізуецца на біятэхналогіях у Эдынбургскім універсітэце і паралельна развівае VirtuGlow — тэхналогію, якая карэктуе выяву чалавека падчас відэазванкоў, каб кампенсаваць скажэнні камеры і асвятлення. Каманда плануе выпусціць бэта-версію прадукту ў верасні 2026 года.

Андрэй Кагалёнак — акцёр і рэжысёр
Андрэй — беларускі акцёр і рэжысёр, які ў 17 гадоў пераехаў з Мінска ў ЗША. Ён сыграў у шасці поўнаметражных фільмах, серыялах, кароткім метры і тэатральных пастаноўках, у тым ліку ў фільме «Калядны ліст» (The Christmas Letter) разам з Чэві Чэйзам і серыяле Fox Nation пра Джорджа Вашынгтона. Цяпер Андрэй таксама займаецца рэжысурай: яго дэбютную кароткаметражку «Для іх» (For Them), для якой ён напісаў сцэнар і дзе сыграў галоўную ролю, паказвалі на кінафестывалі Northern Lights («Паўночнае ззянне»).
Impact (Уплыў)

Ганна Карней — стратэг у сферы чыстай энергетыкі
Ганна — экспертка ў сферы энергетыкі і старшая кансультантка S&P Global у Нью-Ёрку. Яна дапамагае энергетычным і тэхналагічным кампаніям адаптавацца да змен на рынку, мадэрнізаваць электрасеткі і пераходзіць на чыстую энергію. Адзін з актуальных напрамкаў яе працы — падрыхтоўка амерыканскай энергасістэмы да росту нагрузкі, звязанага ў тым ліку з развіццём штучнага інтэлекту.
У 18 гадоў дзяўчына з'ехала з Беларусі і стала першай беларускай, якая атрымала поўную стыпендыю на навучанне ў United World College у Арменіі. Пазней яна выкладала англійскую мову ў сельскай мясцовасці Эквадора, чатыры месяцы правяла на караблі ў кругасветным падарожжы, вучылася ў Вермонце і Паўночнай Караліне, а два гады таму атрымала ступень магістра па энергетычных сістэмах ва Універсітэце Дзюка. У 2021—2023 гадах Карней таксама ўзначальвала раду UWC Belarus. Пры яе ўдзеле больш за 20 беларускіх студэнтаў прайшлі адбор, а на іх навучанне ўдалося прыцягнуць больш за 1 мільён даляраў.

Ева Пятрушына — геймдызайнерка Minecraft
Ева — геймдызайнерка ў шведскай студыі Mojang, дзе працуе над Minecraft, адной з самых паспяховых відэагульняў у гісторыі. Яна вывучала матэматыку і інфарматыку, а ў 2019 годзе прайшла курс па геймдызайне, пасля якога атрымала стажыроўку, а затым і першую пастаянную працу ў індустрыі.
Акрамя працы над Minecraft, Ева развівае GameDev Bookshelf — прафесійную супольнасць, дзе ладзіць сустрэчы з аўтарамі кніг пра гульнявую індустрыю. Яна таксама з'яўляецца амбасадаркай Women in Games, уваходзіць у Creator Circle гэтай арганізацыі і дапамагае маладым геймдызайнерам як ментарка. Платформа Favikon уключыла Еву ў сусветны топ-50 аўтараў кантэнту пра відэагульні ў LinkedIn.

Агата Ласка — заснавальніца AGLA Education.USA
Агата дапамагае студэнтам з Беларусі і іншых краін рэгіёна паступаць ва ўніверсітэты ЗША. Яна сама атрымала поўнае фінансаванне на навучанне ў Каледжы Хобарта і Уільяма Сміта ў штаце Нью-Ёрк, а пазней ператварыла ўласны досвед паступлення ў адукацыйны праект AGLA Education.USA. Яго каманда суправаджае абітурыентаў на ўсіх этапах — ад падрыхтоўкі заявак, эсэ і інтэрв'ю да атрымання візы і пошуку фінансавання.

Ірына Панядзельнік — каардынатарка кліматычнай сеткі CAN EECCA
Ірына — спецыялістка па кліматычных камунікацыях і праектная менеджарка з Мар’інай Горкі, якая цяпер жыве ў Берліне. Яна каардынуе CAN EECCA — найбуйнейшую сетку кліматычных НДА ва Усходняй Еўропе, на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі, а таксама кіруе праектам па кліматычнай журналістыцы для гэтага рэгіёна.

Марына Рыбакова — прадпрымальніца ў сферы мастацтва
Марына — прадпрымальніца з Віцебска і сузаснавальніца ReA! Art Fair у Мілане — кірмашу, дзе маладыя мастакі могуць прадаваць свае працы без пасярэдніцтва галерэй. Яна таксама сузаснавала арт-маркетплэйс Artsted, які прыцягнуў 500 тысяч даляраў інвестыцый. У 2025 годзе Forbes уключыў Марыну ў еўрапейскі спіс 30 Under 30. Цяпер яна жыве ў Сан-Францыска і развівае праекты на стыку тэхналогій і мастацтва.
Innovators (Наватары)

Ганна Платніцкая — педыятарка і сузаснавальніца медыцынскай ШI-платформы Doctorina
Ганна скончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «педыятрыя», а пасля пяць гадоў працавала ў Гватэмале. Там яна кіравала мясцовым аддзяленнем Health & Help, якое аказвала медыцынскую дапамогу супольнасці з больш як 25 тысяч чалавек. За гэтую працу ў 2023 годзе дзяўчына атрымала прэмію Дыяны (Diana Award). Цяпер яна — сузаснавальніца і медыцынская дырэктарка Doctorina, AI-платформы для людзей з хранічнымі захворваннямі, якой карыстаюцца больш чым у 60 краінах.

Алекс Сувораў — сузаснавальнік блокчэйн-платформы RedStone
Алекс вывучаў інфарматыку ў Варшаўскім універсітэце, а ў 2021 годзе стаў сузаснавальнікам RedStone — дэцэнтралізаванай сеткі аракулаў, якая перадае актуальныя знешнія даныя блокчэйн-праграмам. Сёння RedStone забяспечвае больш за 1100 патокаў даных у больш чым 30 блокчэйн-сетках, сярод якіх Ethereum, Polygon, Avalanche і Arbitrum; яе тэхналогіі выкарыстоўвае ў тым ліку фонд BlackRock. Акрамя тэхналагічнага бізнэсу, Аляксей стаў сузаснавальнікам варшаўскага Stand Up Local Comedy Club, дзе сам выступае як комік і вядоўца.

Баграм Ісмаілаў і Павел Рудкоўскі — сузаснавальнікі Yope
Баграм і Павел пазнаёміліся падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, а ў 2021 годзе запусцілі Yope — закрытую сацыяльную сетку для блізкага кола без рэкламы, алгарытмаў і публічнай стужкі. Сёння сэрвіс мае больш за 15 мільёнаў зарэгістраваных карыстальнікаў і прыцягнуў 20 мільёнаў даляраў інвестыцый. Баграм кіруе кампаніяй як генеральны дырэктар, а Павел адказвае за тэхнічнае развіццё як тэхнічны дырэктар, а іх каманда працуе ў Лондане, Лісабоне і Сан-Францыска.

Макс і Вераніка Прылуцкія — сузаснавальнікі Lingo.dev
Макс і Вераніка пачыналі ў Мінску: ён вывучаў камп’ютарныя сістэмы і сеткі ў БДУІР, яна — прыкладную матэматыку і інфарматыку ў БДУ. Пасля ад’езду з Беларусі яны стварылі свой першы стартап Notionlytics.
Прадаўшы кампанію, Макс і Вераніка распрацавалі прататып Lingo.dev — платформы, якая з дапамогай вялікіх моўных мадэляў (LLM) дапамагае кампаніям перакладаць і адаптаваць свае лічбавыя прадукты для розных краін і моў. У канцы 2024 года праект трапіў у акселератар Y Combinator, пасля чаго каманда пераехала ў Сан-Францыска. Lingo.dev ужо прыцягнуў $4,2 мільёна інвестыцый.

Сяргей Будкоўскі — заснавальнік альтэрнатыўнай крамы мабільных гульняў Skich
Сяргей жыве ў Варшаве і развівае Skich — адну з першых альтэрнатыўных крам мабільных гульняў для iOS і Android. Яе часам называюць «Steam для мабільных гульняў»: платформа размяркоўвае гульні па больш чым 280 жанрах, прапануе персанальныя рэкамендацыі і сацыяльныя функцыі. Праект атрымаў падтрымку кампаніі Xsolla, а яго асноўнымі рынкамі сталі ЗША і Бразілія.
Builders (Стваральнікі)

Ілля Лясун — сузаснавальнік ШІ-стартапа GRAI
Ілля вучыўся ў БДУІР, а ў 2019 годзе разам з камандай запусціў Vochi — дадатак для апрацоўкі відэа, які праз два гады набыла кампанія Pinterest. Пасля гэтага ён узначальваў кірунак штучнага інтэлекту ў польскім офісе Pinterest, а цяпер развівае свой чацвёрты стартап — GRAI. Кампанія стварае інструменты на аснове ШІ, з дапамогай якіх карыстальнікі могуць рабіць рэміксы са згоды музыкантаў.
Нядаўна GRAI прыцягнуў $9 мільёнаў інвестыцый. Акрамя гэтага, Ілля — сузаснавальнік варшаўскага сэрвісу па чыстцы і рамонце абутку і адзення Remaster, а таксама займаецца інвестыцыямі.

Мікіта Манічаў — дырэктар па распрацоўцы ў Deel
Мікіта пасля магістратуры ў БДУ працаваў у EPAM, заснаваў два стартапы і двойчы спрабаваў трапіць у Y Combinator, а пазней далучыўся да Deel — міжнароднай HR-платформы, якую ацэньваюць на $17 мільярдаў. У кампаніі ён з нуля стварыў сэрвіс, які дапамагае з іміграцыяй супрацоўнікаў і цяпер працуе больш чым у 70 краінах. Гэты напрамак вырас да $50 мільёнаў гадавой выручкі. Цяпер Мікіта працуе над запускам новага прадукту Deel Retirement, звязанага з пенсійнымі праграмамі для супрацоўнікаў.

Іван Шыла і Ілля Шыла — сузаснавальнікі сэрвісу CleanWhale
Іван і Ілля — браты з Салігорска, якія ў 2016 годзе запусцілі CleanWhale — анлайн-сэрвіс, што злучае кліентаў са спецыялістамі па ўборцы. Іван адказваў за развіццё бізнэсу, а Ілля — за стварэнне платформы. За дзесяць гадоў праект без венчурных інвестыцый выйшаў на рынкі пяці еўрапейскіх краін і шматмільённую выручку. Сёння з CleanWhale супрацоўнічаюць больш за 700 выканаўцаў, а наступным рынкам для кампаніі павінны стаць ЗША.

Алеся Шчэрбіна — заснавальніца міжнароднага digital-агенцтва Fands
Алеся кіруе міжнародным агенцтвам Fands, якое займаецца развіццём і прасоўваннем брэндаў. За некалькі гадоў яна сабрала каманду з больш як 20 спецыялістаў, якая рэалізавала звыш 100 праектаў — ад распрацоўкі стратэгіі і дызайну да рэкламы і працы з інфлюенсерамі. Цяпер на базе агенцтва Алеся стварае ўласны прадукт Jenzi — дадатак для вывучэння моў, пабудаваны вакол фарміравання звычкі рэгулярна займацца. Яго распрацоўку яна фінансуе з даходаў Fands, а яшчэ да афіцыйнага запуску праект сабраў першую аўдыторыю і платных карыстальнікаў.

Мэт Грамовіч — сузаснавальнік CPTN Limited і Capitaliply
Мэт — прадпрымальнік з Мінска, які цяпер жыве ў Варшаве. Раней ён заснаваў пяць кампаній, у тым ліку дадатак для знаёмстваў Zodier, які сабраў больш за 4 мільёны карыстальнікаў. Цяпер Мэт кіруе прадуктовай кампаніяй CPTN Limited і з’яўляецца генеральным партнёрам амерыканскага фонду Capitaliply, які набывае і развівае B2B-сэрвісы для экасістэмы Shopify. Разам яны сфарміравалі холдынг з шасці набытых кампаній і двух уласных прадуктаў, які абслугоўвае больш за 10 тысяч бізнэсаў па ўсім свеце. Сярод іх кліентаў — Avon, Sony і Цэнтральны банк Мальты.
Creators (Крэатары)

Тоні Лашдэн — пісьменніца і даследчыца
Тоні — пісьменніца і дэкаланіяльная даследчыца з Мінска, якая цяпер жыве ў Стакгольме і працуе з тэмамі беларускай памяці, ідэнтычнасці і досведу Беларусі ў СССР. За апошнія два гады выйшлі два зборнікі яе кароткай прозы — «Чорны лес» і «На рагу Незалежнасці», першы з якіх перакладаюць на французскую і нямецкую мовы.
Тоні таксама сукіруе фемінісцкім архівам і пісьменніцкай лабараторыяй Rastsiazhenne, праз праграмы якой прайшлі 55 беларускіх аўтараў з розных краін. Цяпер яна працуе над дэбютным раманам па-беларуску і кнігай на англійскай мове пра міграцыю і сацыяльны клас.

Эміль Зянько — мастак і музыкант
Эміль вывучаў жывапіс у Гродне, пасля жыў у Берліне, Стакгольме і Польшчы, а цяпер — у Парыжы. Ён працуе адразу ў некалькіх кірунках — стварае музыку, відэа і графіку, а сярод брэндаў, з якімі супрацоўнічаў, — Prada, Hugo Boss, Lacoste і Walter Van Beirendonck. Яго трэкі набралі сотні тысяч праслухоўванняў на Spotify.

Улад Галён — відэограф і аўтар медыяпраекта Barcelona Local
Улад — відэограф і стваральнік кантэнту з Нарачы, які цяпер жыве ў Барселоне. У Беларусі ён вёў блог і працаваў у 21vek.by, дзе здымаў аўтарскую серыю пра беларускія вёскі і іх жыхароў. Пасля пераезду ў Барселону Улад засяродзіўся на гарадской культуры: стварае відэа і музычныя ролікі для артыстаў, у тым ліку Луны і ooes, якія набіраюць мільёны праглядаў у Instagram. Там жа ён запусціў Barcelona Local — уласны медыяпраект пра горад.

Дар’я Загорская — рэжысёрка музычных кліпаў
Дар’я — рэжысёрка з Наваполацка, якая працуе пад псеўданімам Madsangria і цяпер жыве ў Варшаве. Яна пачынала з фатаграфіі і працы ў медыя, а пасля пераезду ў Польшчу супрацоўнічала з Sony Music Poland і паступова цалкам перайшла ў рэжысуру. За некалькі гадоў Дар’я зняла каля 30 музычных кліпаў для беларускіх, расійскіх і польскіх артыстаў, сярод якіх Naviband, Манетачка і Анастасія Рыдлеўская. Яе працы набіраюць мільёны праглядаў, а сама Дар’я была намінаваная на Fryderyk — адну з галоўных музычных прэмій Польшчы.

Ідрак Мірзалізадэ — стэндап-комік
Ідрак нарадзіўся ў Азербайджане ў талышскай сям’і, а ў 12 гадоў пераехаў у Мінск і пазней атрымаў беларускае грамадзянства. Сваю кар’еру ён пачынаў у беларускім КВЗ, а шырокую вядомасць атрымаў дзякуючы тэлепраектам «Адкрыты мікрафон» і Stand Up на ТНТ.
Цяпер Ідрак жыве ў Варшаве, выступае са стэндапам, развівае YouTube-канал і разам з іншымі комікамі працуе над Stand Up Lokal. Ён застаецца адным з найбольш вядомых прадстаўнікоў беларускага і рускамоўнага стэндапу.

Кейт Кішко — відэографка і стваральніца кантэнту
Кейт — відэографка з Гомеля, якая працуе пад псеўданімам Kaytie і цяпер жыве ў Парыжы. Яна пачынала з SMM-праектаў для рэстаранаў і гатэляў у Мінску, а пасля пераезду ў Францыю стала развіваць уласны Instagram, дзе сабрала больш за 100 тысяч падпісчыкаў, а яе відэа набіраюць мільёны праглядаў. Дзяўчына стварае кароткія сюжэтныя ролікі пра каханне, час і пошук сябе, спалучаючы прыёмы кіно з фарматам вертыкальных відэа для сацсетак.
Artists (Мастакі)

Віталь Алексяёнак — дырыжор
Віталь нарадзіўся ў Вілейцы, вучыўся ігры на трамбоне ў Мінску, а пазней — дырыжыраванню ў Санкт-Пецярбургу і Веймары. У 2021 годзе ён перамог на міжнародным конкурсе дырыжораў імя Артура Тасканіні ў Парме, а з 2024 года з’яўляецца галоўным дырыжорам Нямецкай оперы на Рэйне ў Дзюсельдорфе і Дуйсбургу.
Віталь таксама выступаў у Ла Скала і на Зальцбургскім фестывалі, дырыжыраваў сусветнай прэм’ерай оперы Вольгі Падгайскай «Дзікае паляванне караля Стаха» ў лонданскім Барбікане. З 2021 года ён таксама кіруе Харкаўскім музычным фестывалем, які ва ўмовах вайны ладзіць канцэрты ў бамбасховішчах і метро.

Саша Вялічка — фотамастачка
Саша нарадзілася ў Слоніме і атрымала ступень магістра па квантавай радыёфізіцы, але з 2023 года цалкам прысвяціла сябе мастацтву. Цяпер яна жыве ў Варшаве і працуе з фатаграфіяй, архівамі, інсталяцыямі і новымі медыя, даследуючы прапаганду, постпраўду, маніпуляцыі і траўму.
Яе праект «Стан адмаўлення» (State of Denial) увайшоў у праграму Talent 2026 амстэрдамскага музея фатаграфіі Foam, куды адабралі 15 аўтараў з усяго свету. Работы Сашы паказвалі ў 11 краінах Еўропы і Азіі, а яе праект «Выклікалі на дыван» (Called to the Carpet) атрымаў грант польскага фестывалю Fotofestiwal у Лодзі.

Арцём Шалак — мастак і дызайнер адзення
Арцём нарадзіўся ў Жодзіне і пачынаў з графіці, пасля вывучаў журналістыку ў БДУ і пісаў пра музыку, а з часам цалкам перайшоў у мастацтва і моду. Ён працуе пад псеўданімам Acid Topser і развівае ўласны брэнд адзення Random Rebels. Юнак супрацоўнічаў з Vivienne Westwood, Billionaire Boys Club, Nike, Puma і Adidas, а падчас Тыдня моды ў Парыжы ў 2024 годзе афармляў вітрыны павільёна Vivienne Westwood, пакінуўшы сярод надпісаў назву роднага горада — Zhodzina. У сваіх працах ён эксперыментуе з нестандартным кроем і формамі, выкарыстоўваючы ў тым ліку вобразы і досвед дзяцінства ў Беларусі.

Анастасія Васючэнка — дызайнерка і заснавальніца KANVA
Анастасія вучылася на мастачку па касцюмах у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а ў 2018 годзе заснавала ў Мінску брэнд KANVA. У сваіх працах яна пераасэнсоўвае беларускую традыцыйную культуру: напрыклад, саламянага «павука» — абярэг, які падвешвалі ў хатах, — ператварыла ў сучасныя ўпрыгажэнні.
З 2022‑га дзяўчына развівае брэнд у Варшаве, а яе працы паказвалі на Міланскім тыдні дызайну. Нядаўна яна таксама вярнулася да стварэння адзення ў межах праграмы Refashioned, а калекцыя была апублікаваная ў друкаваным выданні Vogue Polska.

Мікіта Ільінчык — драматург і рэжысёр
Мікіта нарадзіўся ў Навагрудку, вучыўся на рэжысёра ў Расійскім інстытуце тэатральнага мастацтва (ГІТІС) у Маскве, а ў Беларусі працаваў з незалежным тэатрам, у тым ліку з мінскай культурнай пляцоўкай ОК16. Цяпер ён жыве ў Познані, а аднымі з галоўных тэм яго спектакляў сталі міграцыя, межы і жыццё паміж рознымі краінамі і ідэнтычнасцямі. Яго п’еса «Вітай, Абдо» (Witaj, Abdo) прысвечана гуманітарнаму крызісу на беларуска-польскай мяжы. У 2026 годзе Мікіту намінавалі на Paszporty Polityki — прэстыжную польскую культурную прэмію — у катэгорыі сцэнічных мастацтваў.
Science & Thinkers (Навука і мысляры)

Дзмітрый Багданаў — навуковец, які стаяў ля вытокаў сучаснага ШІ
Дзмітрый — даследчык у галіне штучнага інтэлекту родам з Гомеля. Падчас працы над доктарскай дысертацыяй пад кіраўніцтвам аднаго з піянераў ШІ Ёшуа Бенджыа ён у 2014 годзе стаў адным з аўтараў механізму ўвагі (attention mechanism) — падыходу, які дазваляе нейрасеткам засяроджвацца на найбольш важных частках інфармацыі і стаў адной з асноў для развіцця сучасных моўных мадэляў.
Яго навуковую працу на гэтую тэму працытавалі больш за 50 тысяч разоў. Цяпер Дзмітрый працуе ў даследчым інстытуце Mila ў Манрэалі і выкладае ва Універсітэце Макгіла, а таксама стаў адным з заснавальнікаў Periodic Labs — кампаніі, якая распрацоўвае аўтаномных ШІ-навукоўцаў для даследаванняў у фізіцы і матэрыялазнаўстве.

Улад Цярэшчанка — хірург і даследчык нейратэхналогій
Улад працуе на стыку хірургіі і нейраінжынерыі. Цяпер ён праходзіць падрыхтоўку па пластычнай і рэканструктыўнай хірургіі ў Венскім медыцынскім універсітэце, а раней займаўся даследаваннямі ў Гарвардскай медыцынскай школе і Масачусецкай бальніцы агульнага профілю. Яго навуковая праца прысвечана нейраінтэрфейсам, якія дапамагаюць вяртаць рух і адчувальнасць людзям з пратэзамі. У прыватнасці, Улад удзельнічаў у распрацоўцы тэхналогіі, якая дазваляе біянічным канечнасцям перадаваць адчуванне дотыку. За даследаванні болю, звязанага з неўромамі, Улад першым атрымаў прэмію Young Investigator Award ад Global Nerve Foundation.

Дар’я Мініна — эканамістка Міжнароднага валютнага фонду
Дар’я пачынала кар’еру ў Міністэрстве эканомікі Беларусі, а пасля пераехала ў Амстэрдам, дзе вывучала эканоміку ў Амстэрдамскім універсітэце і Інстытуце Цінбергена, а затым атрымала доктарскую ступень. У сваіх даследаваннях яна вывучае, як людзі і бізнэс фарміруюць чаканні адносна інфляцыі і як на іх могуць уплываць цэнтральныя банкі. Працы Дар’і публікаваліся ў вядучых эканамічных часопісах, а яе даследаванні выкарыстоўвалі цэнтральныя банкі Германіі і Нідэрландаў. Цяпер яна працуе эканамісткай у Міжнародным валютным фондзе (МВФ) у Вашынгтоне.

Рыта Курбан — даследчыца ў галіне медыцынскага ШІ
Рыта працуе інжынеркай-даследчыцай у Інстытуце тэхналогій Элісана ў Оксфардзе, дзе распрацоўвае мадэлі машыннага навучання на аснове медыцынскіх даных мільёнаў пацыентаў. Яна атрымала магістарскую ступень па выкарыстанні штучнага інтэлекту ў ахове здароўя ва Універсітэцкім каледжы Лондана (UCL). Цяпер дзяўчына працуе над тэхналогіямі, якія дапамагаюць аналізаваць вялікія аб’ёмы клінічных даных і знаходзіць у іх заканамернасці, карысныя для медыцыны.
Каментары
-> Гэта распіл грантаў на чарговую бздуру, на гандляроў паветрам кшталту Зарэцкай. Хаця колькі выпадковых імёнаў цікавых людзей сапраўды ёсць.