БЕЛ Ł РУС

Названыя авіякампаніі з найлепшым WI-FI на борце. Еўрапейская з іх толькі адна

30.09.2026 / 16:36

Nashaniva.com

Брытанская кампанія Skytrax апублікавала рэйтынг дзесяці авіякампаній з найлепшым Wi-Fi на борце. Рэйтынг быў упершыню складзены ў межах World Airline Awards у 2026 годзе і грунтуецца на апытаннях пасажыраў аб задаволенасці паслугамі авіякампаній, піша Euronews.

Фота: vecteezy.com

Першае месца заняла авіякампанія Qatar Airways, якая адной з першых пачала ўкараняць спадарожнікавы інтэрнэт Starlink. Далей месца з другога па шостае занялі выключна амерыканскія кампаніі: другое месца дасталася Delta Air Lines, трэцяе — United Airlines. Далей размясціліся Alaska Airlines, jetBlue Airways і Hawaiian Airlines.

На сёмай пазіцыі апынулася Singapore Airlines. Восьмае месца заняла брытанская Virgin Atlantic — адзіная еўрапейская авіякампанія ў першай дзясятцы. Гэты перавозчык абвясціў аб пачатку надання пасажырам Starlink у 2025 годзе і плануе да 2027 года абсталяваць гэтым Wi-Fi увесь свой флот. Для ўдзельнікаў праграмы лаяльнасці Flying Club інтэрнэт будзе бясплатным.

Дзявятае месца заняла тайваньская EVA Air, а дзясятае — авіякампанія Emirates з ААЭ.

Такім чынам, у першай дзясятцы пераважаюць амерыканскія авіякампаніі — іх там пяць. Азія прадстаўленая Singapore Airlines і EVA Air, Еўропа — толькі Virgin Atlantic, а Блізкі Усход — Qatar Airways і Emirates.

У агульным рэйтынгу World Airline Awards 2026 найлепшай авіякампаніяй была названая Singapore Airlines, на другім месцы апынулася Qatar Airways, на трэцім — Cathay Pacific Airways. Сярод еўрапейскіх перавозчыкаў вышэй за ўсіх размясцілася Turkish Airlines — пятае месца, а Air France заняла сёмую пазіцыю.

Чытайце таксама:

Назвалі 20 найлепшых авіякампаній свету. Еўрапейскіх з іх толькі шэсць

Найлепшыя авіякампаніі свету па версіі пасажыраў

Самы працяглы ў свеце авіярэйс запусцяць у наступным годзе: пасажыры будуць знаходзіцца ў небе 22 гадзіны

Каментары да артыкула