Назвалі 20 найлепшых авіякампаній свету. Еўрапейскіх з іх толькі шэсць
Асобныя перамогі дасталіся Air France, Turkish Airlines і Vueling, але еўрапейскім авіякампаніям было цяжка спаборнічаць з азіяцкімі і блізкаўсходнімі перавозчыкамі па колькасці ўзнагарод, піша Euronews.

Еўрапейскія авіякампаніі ў гэтым годзе прыкметна апусціліся ў табелі аб рангах прэміі World Airline Awards: першую дзясятку амаль цалкам занялі перавозчыкі з Азіі і краін Блізкага Усходу.
Singapore Airlines атрымала галоўны тытул, другое месца заняла Qatar Airways, трэцяе — Cathay Pacific, а найлепшай з еўрапейскіх кампаній стала Turkish Airlines, якая размясцілася на пятым радку.
У першую дваццатку ўвайшлі ўсяго шэсць еўрапейскіх авіякампаній: да Turkish Airlines далучыліся Air France, Lufthansa, Iberia, Virgin Atlantic і Swiss International Air Lines.
Пераможцы прэміі World Airline Awards 2026 былі абвешчаныя на ўрачыстай цырымоніі ў Лондане, арганізаванай рэйтынгавым агенцтвам у сферы авіяперавозак Skytrax.
Прэмію, якую называюць «Оскарам авіяцыйнай галіны», уручаюць з 1999 года і, як адзначыў генеральны дырэктар Skytrax Эдвард Плейстэд, яна «падкрэслівае ўзровень якасці прадукту і сэрвісу, які авіякампаніі забяспечваюць сваім пасажырам».
У рэйтынгу ацэньваліся больш за 300 авіяперавозчыкаў, і хоць еўрапейскія аператары не здолелі абысці канкурэнтаў у галоўнай намінацыі, у іншых катэгорыях яны паказалі цалкам годныя вынікі.
Air France асабліва вызначылася, атрымаўшы ўзнагароды за найлепшы ў свеце першы клас, найлепшае харчаванне ў лаўндж-зале для пасажыраў першага класа і найлепшыя ў свеце наборы для камфортнага палёту ў першым класе, а таксама была прызнаная найлепшай авіякампаніяй Заходняй Еўропы.
Іспанская Vueling атрымала прэмію як найлепшы бюджэтны авіяперавозчык Еўропы; у гэтай катэгорыі таксама былі адзначаныя нямецкая Eurowings, іспанскія Iberia Express і Volotea, а таксама нідэрландская Transavia.
Тым часам Turkish Airlines заваявала тры ўзнагароды: за найлепшую авіякампанію Еўропы, за найлепшае ў свеце харчаванне ў бізнэс-класе і за найлепшую авіякампанію Паўднёвай Европы.
«Адзінаццаты раз быць прызнанымі найлепшай авіякампаніяй Еўропы і заняць першае месца яшчэ ў дзвюх катэгорыях — вялікі гонар для нас, сям'і Turkish Airlines», — заявіў старшыня рады дырэктараў Turkish Airlines Мурат Шэкер.
У іншых намінацыях Iberia атрымала ўзнагароду за найлепшы сэрвіс наземнага персаналу сярод еўрапейскіх авіякампаній, а LOT Polish Airlines была ўганараваная звання найлепшай авіякампаніі Цэнтральнай Еўропы.
Ніводная еўрапейская кампанія не ўвайшла ў лік лідараў катэгорыі «найлепшы экіпаж салона», дзе галоўны прыз атрымала Cathay Pacific Airways, а ў дзясятку найлепшых рэгіянальных авіякампаній свету трапіла толькі грэцкая Aegean Airlines, заняўшы чацвёртае месца.
Qatar Airways страчвае лідарства
У агульным заліку Qatar Airways, дзевяціразовы ўладальнік тытула найлепшай авіякампаніі свету, апусцілася на другі радок, саступіўшы Singapore Airlines.
Тым не менш перавозчык, які базуецца ў Досе, здолеў заваяваць чатыры галоўныя ўзнагароды, уключаючы званне найлепшай у свеце авіякампаніі для пералётаў у бізнэс-класе — трынаццаты раз — і найлепшай авіякампаніі Блізкага Усходу.
Кампанія таксама стала першым лаўрэатам новай прэміі за найлепшы бартавы Wi‑Fi у свеце. Гэтую намінацыю ўвялі ў гэтым годзе, каб падкрэсліць важнасць хуткага і бясплатнага доступу да інтэрнэту на борце для многіх сучасных падарожнікаў.
20 найлепшых авіякампаній свету ў 2026 годзе
- Singapore Airlines;
- Qatar Airways;
- Cathay Pacific;
- ANA All Nippon Airways;
- Turkish Airlines;
- Emirates;
- Air France;
- Hainan Airlines;
- Japan Airlines;
- Korean Air;
- EVA Air;
- Qantas Airways;
- STARLUX Airlines;
- Lufthansa;
- Saudi Arabian Airlines;
- Iberia;
- Air Canada;
- Virgin Atlantic;
- Swiss International Air Lines;
- Thai Airways.
Каментары