Андрэй Аляксандраў: Мне казалі, што мой лёс нікога не цікавіць, але я ведаў, што гэта не так
Улады краін, дзе ў зняволенні знаходзяцца журналісты і грамадзянскія актывісты, імкнуцца ізаляваць іх і прымусіць паверыць, што іх лёс нікога не цікавіць.
Фота: Позірк
Пра гэта заявіў медыяменеджар, былы палітвязень Андрэй Аляксандраў падчас дыскусіі ў Осла з лаўрэатамі прэміі Free Media Awards 2026 і 2025 года, піша «Позірк».
«Адразу пасля майго затрымання, — сказаў Аляксандраў, — прадстаўнікі праваахоўных органаў давалі мне зразумець: ведаеце, ёсць лідары пратэснага руху, пра якіх, магчыма, паклапоцяцца на Захадзе, а вы — ніхто, ніхто вас не ведае, і вы праведзяце свае 14 гадоў у зняволенні. Гэта быў іх асноўны пасыл».
Аднак, паводле слоў медыяменеджара, ён «заўсёды ведаў, што не самотны», што «вядзецца велізарная праца», каб падтрымаць яго і калегаў за кратамі і «агулам беларускіх палітвязняў».
«Так што мы дакладна ведалі, што мы не адны. І гэта было вельмі важнае пачуццё салідарнасці і жывога чалавечага цяпла — ведаць тое, што ты не адзін, што людзі памятаюць, за што ты сядзіш. І гэта сапраўды давала мне не проста надзею, а ўпэўненасць, што ўсё будзе добра, хай нават давядзецца правесці нейкі час за кратамі. Я ведаў, за што я выступаю, і гэтыя каштоўнасці важнейшыя за нейкія асабістыя нягоды», — падкрэсліў Аляксандраў.
Андрэй Аляксандраў быў затрыманы ў Беларусі 12 студзеня 2021 года разам са сваёй сяброўкай Ірынай Злобінай. Пазней яны пабраліся шлюбам за кратамі.
Андрэй быў асуджаны на 14 гадоў калоніі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. 16 верасня 2026 года Аляксандраў і Злобіна былі вызваленыя і выехалі ў Літву.
Чытайце таксама:
Былы палітвязень Андрэй Аляксандраў атрымаў міжнародную прэмію