БЕЛ Ł РУС

Андрэй Аляксандраў. Наша свабода. Верш

2.10.2026 / 20:53

Nashaniva.com

Нядаўна вызвалены з-за кратаў пасля больш чым пяці з паловай гадоў зняволення журналіст Андрэй Аляксандраў апублікаваў у фэйсбуку верш «Наша свабода».

Цені стагоддзяў патонуць у пылу дарог.
Стрэлкам гадзіннікаў вечна вадзіць карагоды.
Запыт у пошуку вынікаў выдаць не змог.
Што вы шукалі? — Шукалі мы нашу свабоду.

Наша свабода — нібыта гарачая соль,
што праступае са стомленых целаў потам,
ціхая радасць і дзікі бязлітасны боль,
слёзы матулі ля скрыні паштовае ўпотай.

Наша свабода кніжкай гарыць на кастрах
і наліпае на ногі цяжкім суглінкам,
стукае ў скроні, смакуе пяском на зубах,
кветкай дрыжыць у далонях маленькай дзяўчынкі.

Наша свабода заўжды мае будучы час.
Сярод прыметнікаў цяжка знайсці дзеясловы.
Наша свабода жыве незалежна ад нас
як абяцанне і сон, як праклён і замова.

Выйсце адзінае — ведаць, што выйсця няма.
Зноў узляціць курс жураўля да сініцы.
Толькі вясна адвечна прыходзіць сама,
а за свабоду заўсёды даводзіцца біцца.

Новыя кветкі праб’юць праз старыя муры.
Стрэлкі гадзіннікаў з пылам дарог знойдуць згоду.
Новыя рукі — у пошуку запыт стары.
Што вы шукалі? — Шукалі мы нашу свабоду.

Чытайце таксама:

Андрэй Аляксандраў: Мне казалі, што мой лёс нікога не цікавіць, але я ведаў, што гэта не так

Былы палітвязень Андрэй Аляксандраў атрымаў міжнародную прэмію

Андрэй Аляксандраў: За кратамі я ведаў, што беларуская журналістыка працуе, і таму спакойна збіваў паддоны

«Я зразумеў за гэтыя шэсць гадоў, што вельмі шчаслівы чалавек». Андрэй Аляксандраў расказаў пра вызваленне і першую сустрэчу з жонкай

Каментары да артыкула