Сіноптык расказаў, які кастрычнік чакаецца сёлета ў Беларусі
Сіноптык Дзмітрый Рабаў расказаў у эфіры тэлеканала АНТ, якім, паводле папярэдняга прагнозу, будзе надвор'е ў Беларусі ў кастрычніку 2026 года.
Здымак ілюстрацыйны. Фота з сацыяльных сетак
Паводле даных сусветных прагнастычных цэнтраў, месяц можа аказацца крыху цяплейшым за звычайны. Сярэдняя тэмпература чакаецца на 1—2 градусы вышэйшай за кліматычную норму для сярэдзіны беларускай восені. Пры гэтым тэмпературы будуць адрознівацца па рэгіёнах: у сярэднім ад +5 градусаў на паўночным усходзе да +8 на паўднёвым захадзе краіны.
У сярэдзіне кастрычніка магчымы кароткі перыяд бабінага лета — з сонечным надвор'ем і адносна цёплымі днямі. Аднак доўга ён не пратрымаецца. Атлантычныя цыклоны будуць прыносіць пераменлівае надвор'е: цёплыя і ясныя дні будуць хутка змяняцца пахмурнымі і дажджлівымі.
Сонечных гадзін у кастрычніку прагназуецца няшмат — ад 80 да 100 за ўвесь месяц.
Колькасць ападкаў, паводле прагнозу, будзе блізкай да нормы. У сярэднім чакаецца ад 11 да 16 дзён з дажджом.
У трэцяй дэкадзе кастрычніка надвор'е стане больш восеньскім: пачнуцца змешаныя ападкі — дождж будзе чаргавацца з мокрым снегам. У асобныя дні магчымыя слабыя галалёдныя з'явы. Такім чынам, да канца месяца ў Беларусі ўжо можа адчувальна пахаладнець і з'явіцца першы снег.
Чытайце таксама:
Замест антыцыклона Arno у Беларусь прыйдзе антыцыклон Borchert