БЕЛ Ł РУС

Маладая настаўніца звольнілася са школы і з’ехала ў Батумі. Але завуч усё роўна напісала на яе заяву ў міліцыю за эфіры ў тыктоку

4.10.2026 / 15:51

Ганна Стафановіч

Маргарыце патэлефанавалі з мінскага РУУС з дзіўнай нагоды. 

Маргарыта. Фота з яе сацсетак

Раней Маргарыта працавала настаўніцай англійскай мовы ў сталічнай школе. Але ж доўга маладая спецыялістка не пратрывала — звольнілася, пераехала ў Грузію.

Цяпер займаецца рэпетытарствам, выкладае англійскую і нямецкую мовы, спрабуе запісваць рэп. А яшчэ калі-нікалі ладзіць эфіры ў тыктоку. Менавіта праз іх і ўзнікла праблема. 

Маргарыта распавяла ў Threads, што нядаўна ёй нечакана патэлефанавалі з аднаго з мінскіх РУУС. Высветлілася, што завуч школы, у якой беларуска працавала настаўніцай (наколькі вядома, гаворка ідзе пра сталічную школу № 26), напісала на былую падначаленую заяву ў міліцыю.

Па словах рэпетытаркі, сэнс прэтэнзій у тым, што эфіры Маргарыты ў тыктоку глядзяць яе былыя вучні: «Са мной правялі гутарку, што гэта непрыстойныя паводзіны для настаўніцы».

Сама размова з міліцыянерам выглядала прыблізна так:

— Вы разумеце, у чым ваша памылка і што нельга весці эфіры?

— Не, няма ніякіх праблем і памылак. 

— Спадзяюся, вы зразумелі і не будзеце так рабіць. 

— Буду.

І так па коле. 

Дзяўчына кажа, што падзялілася гісторыяй для таго, каб яе больш не пыталі, чаму яна звольнілася са школы, нягледзячы на тое, што вучыць дзяцей ёй падабалася.

У каментарах Маргарыта распавяла, што было ў тых эфірах у тыктоку: «Жыццё ў Грузіі, чаму я пераехала, кім працую і гэтак далей. Казала, што сумую па дзецях. Яшчэ мы разбіралі мой трэк, потым гатавала сырнікі». 

Допіс стаў вірусным і менш чым за суткі сабраў каля 300 тысяч праглядаў. Нехта абураецца: «Мяне здзіўляе іншае: асабістае жыццё настаўніцы і фота ў купальніках асуджаюцца і абкладаюцца пакараннем аж да звальнення. А мужыкі-выкладчыкі студэнтак чпокаюць і дзяцей разбэшчваюць, а іх нават адмяніць не атрымліваецца, не тое, што да адказнасці прыцягнуць», «Я не разумею патрабаванняў да настаўніц весці нейкае «рэгламентаванае» жыццё. Не хадзіць у рэстараны, насіць пэўнае адзенне, не рабіць нейкіх выказванняў», «У мяне маці настаўніца. Перамагла нядаўна ў конкурсе, у яе папрасілі фота. Яна даслала. Вярнулі, пазначыўшы, што ў яе на фота «занадта адкрытае дэкальтэ». На хвіліначку, маці 50 гадоў і «занадта адкрытае дэкальтэ» — гэта офісны топ пад пінжаком». 

Шмат хто з гумарам паставіўся да гісторыі і даваў жартаўлівыя парады: «Лічыце, што вам тэлефанавалі махляры і адпаведна так рэагуйце на любыя падобныя званкі», «Напішыце заяву на завуча. Як яна дапускае, што дзеці глядзяць эфіры?», «Дашліце завучу паштоўку і пазычце ёй назіраць за сваім жыццём».

Маргарыта ў адказ распавяла, што падчас стрыму неяк пабачыла завуча сярод гледачоў і папрасіла яе даслаць ружачку (платны падарунак у тыктоку), тая проста сышла. 

Чытайце таксама:

«Дзеці даведаліся ў першы ж тыдзень, проста ўбачылі рэкламу». Як мадэль вядзе ўрокі ў школе

Былую настаўніцу з ганьбай выгналі з канцэрту ў мінскай гімназіі №4. Ён быў прысвечаны Дню настаўніка

Настаўніца з Кармы сабрала калекцыю з 3000 рэдкіх сартоў таматаў

Каментары да артыкула