БЕЛ Ł РУС

Беларусаў запрашаюць абдымацца з незнаёмцамі. Цана пытання — 65 рублёў

6.10.2026 / 09:00

Nashaniva.com

У Мінску і Гомелі праводзяць сустрэчы-абдымкі: за 65 рублёў беларусам прапаноўваюць цягам дзвюх з паловай гадзін абдымацца з незнаёмцамі і зафіналіць усё павольным танцам.

Надоечы арганізатары анансавалі новы набор у групу абдымак і выклікалі гарачае абмеркаванне сярод беларусаў у сацсетках.

«Мой страшны сон», «Эфект секты», «А калі там апынецца маньяк?», — з трывогай рэагавалі людзі, якія ўпершыню пачулі пра такую практыку.

Скрыншот: @obnimi_minsk / Threads

На справе першыя сустрэчы-абдымкі, ці cuddle party, прайшлі ў Мінску яшчэ тры гады таму. Ідэя падобных вечарын паходзіць з ЗША, там яны былі папулярныя яшчэ ў 80‑я. У нулявыя ж у Нью-Ёрку іх, напрыклад, практыкавалі коўчы па адносінах Рэйд Міхалка і Марсія Бачынскі. Пасля яны нават стварылі сваю навучальную праграму для сертыфікацыі трэнераў па cuddle party.

У Беларусі за калектыўныя сеансы абдымак адказная псіхолаг з Гомеля Святлана. «Кадл-паці» яна прэзентуе як тэрапеўтычныя групы, якія дапамагаюць пашырыць кола знаёмых тым, хто працуе дыстанцыйна, стаміўся ад экранаў гаджэтаў, мае нізкую самаацэнку ці нядаўна пераехаў у новы горад. Таксама тэрапеўтка раіць абдымкі пад сваім кіраўніцтвам тым, хто нядаўна перажываў траўматычны досвед, развод і хоча вярнуць давер да чалавецтва.

Рэгістрацыя на сустрэчу адбываецца праз тэлеграм-бот, дзе новага ўдзельніка просяць пазначыць свой пол, узрост і пагадзіцца з так званым кодэксам сустрэчы, куды ўваходзіць абяцанне не піць, не паліць мінімум як за пару гадзін да сустрэчы, пачысціць зубы, а на месцы — ні ў якім разе не дакранацца да інтымных зон незнаёмцаў. Таксама падчас рэгістрацыі ў боце вас папросяць запісаць кароткую відэапрэзентацыю.

Да абдымак у групе прыступаюць пасля папярэдняга знаёмства, якое цягнецца прыблізна гадзіну.

Арганізатары запэўніваюць, што любы гвалт і спробы абмацаць у іх выключаныя, бо гэта прагаворваецца на старце.

Фота: @obnimi_minsk / Instagram

«На нашых сустрэчах тактыльнасць — гэта магчымасць, а не абавязак. У адказ на прапанову абняцца дзяўчына можа сказаць «так», «не», «не цяпер». А яшчэ яна можа сама выбраць, з кім ёй хочацца ўзаемадзейнічаць. Адштурхнуцца ад свайго «я хачу», а не ад «хто прапануе — з тым і буду».

Так ці інакш, некаторыя беларусы з недаверам паставіліся да абяцанняў бяспекі:

«Маньякі ўмеюць шыфравацца», «А калі нехта будзе хворы і з вірусам?», «Не разумею, як можна дазволіць незнаёмцу кранаць сябе ўсяго праз гадзіну кантакту», «У мяне трывога ад аднаго апісання фармату, а тут кажуць пра яго тэрапеўтычнасць».

Але ёсць і тыя, хто ўжо працяглы час наведвае падобны фармат вечарын. 

«Я адчула сябе маленькай дзяўчынкай, якая знаходзіцца пад абаронай у моцных абдымках, але дадаткова можа падзяліцца клопатам і з іншым чалавекам. У штодзённым жыцці даводзіцца вырашаць шмат пытанняў, дзе трэба быць і настойлівай, і са стрыжнем. Такога дзявочага стану мне вельмі бракавала», — напісала адна з удзельніц ранейшых спатканняў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула