Прыватныя дамы цяпер павінны стаяць далей ад межаў суседняга ўчастка
У Беларусі змяніліся правілы будаўніцтва прыватных дамоў і гаспадарчых пабудоў на зямельных участках. Адпаведныя нормы ўнесены змяненнем № 4 да пастановы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва № 70, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша Realt.by.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Realt.by
Згодна з новымі правіламі, жылы дом павінен размяшчацца не бліжэй чым за 3 метры ад мяжы суседняга зямельнага ўчастка, а гаспадарчыя пабудовы — не бліжэй чым за 2 метры.
Раней патрабаванні аб адлегласці ў 3 метры для дома і 2 метры для гаспадарчых пабудоў таксама дзейнічалі. Аднак існавала магчымасць размясціць пабудову бліжэй да адзначанай мяжы, калі сусед даваў на гэта згоду, засведчаную натарыусам. Цяпер такая магчымасць скасаваная.
Асобная агаворка прадугледжаная для дамоў і іншых пабудоў, якія ўжо існуюць у сфарміраванай забудове і размешчаныя бліжэй да суседняга ўчастка, чым прадугледжана новымі нормамі. Але іх можна рэканструяваць толькі ў межах наяўнай плошчы і габарытаў.
Таксама дапускаецца рэканструкцыя, калі яна не павялічвае памеры будынка ў бок суседняга ўчастка. Гэта азначае, што цяпер нельга рабіць прыбудову ў бок суседа або перасоўваць сцяну бліжэй да агароджы, нават калі сусед з гэтым згодны.
Чытайце таксама:
Пашырылі пералік мерапрыемстваў у аграсядзібах, на якіх забаронена выкарыстоўваць гукаўзмацняльнікі
Як на ўскраіне Мінска будуецца квартал панэльных таўнхаусаў ФОТЫ
У раёне мінскіх вуліц Гая і Арлоўскай пачалі зносіць прыватны сектар
«Дапамажыце, ніхто не хоча нас засяляць». Мінчанка пашкадавала сям'ю і трапіла на «акупантаў»