Больш за 200 кліентаў пацярпелі ад фірмы «Кухні Чэры», што рэкламаваў прапагандыст Тур з жонкаю
Шкоду ўжо ацанілі больш як на 2 мільёны рублёў — на дзяржаўным тэлебачанні расказалі новыя падрабязнасці.
Дырэктар кампаніі Яраслаў Талочка ў СІЗА даў інтэрв'ю прапагандыстам
Вядомая мэблевая фірма «Кухні Чэры», якая працавала 15 гадоў, раптоўна закрылася, не выканаўшы заказы. Кліенты засталіся без мэблі, але з крэдытамі на дзясяткі тысяч рублёў. Былы дырэктар кампаніі Яраслаў Талочка знаходзіцца пад вартай. Падрабязнасці расказаў тэлеканал «Беларусь 1».
Кампанія вырабляла кухні і іншую мэблю, мела шоурумы і вялікую кліенцкую базу. У год свайго 15‑годдзя яна прапаноўвала зніжку 15%. Частка пакупнікоў афармляла заказы ў крэдыт, аднак 1 верасня фірма абвясціла, што не выканае іх і не верне грошы.
Адна з пацярпелых, Дар’я Кірэева, расказала, што яе сям’я аформіла чатыры крэдыты — на яе, мужа, маці і свёкра. Агулам мэбля для кватэры каштавала 54 тысячы рублёў.
«Я ўзяла крэдыт на 13,5 тысячы беларускіх рублёў. Потым мы вырашылі папрасіць бацькоў, каб яны дапамаглі і таксама аформілі на сябе крэдыт, каб дарабіць усё. Нашы дзеці ў наступным годзе ідуць у школу, ім патрэбны як мінімум пісьмовы стол», — расказала жанчына.
Паводле Дар’і, 30 жніўня прадстаўнікі фірмы яшчэ прывезлі ёй два пафарбаваныя фасады, а ўжо 1 верасня паведамілі, што заказы выкананыя не будуць.
Іншы кліент, Мікіта Коган, замовіў мэблю ў красавіку. Яе мусілі даставіць да 20 ліпеня, але прывезлі толькі 4 жніўня і не сабралі. Цяпер мэбля ляжыць у скрынках, а запрасіць іншую фірму ён не можа, бо працягваецца следства і яшчэ трэба ацаніць шкоду.
Коган сцвярджае, што ўладальнік працягваў заключаць новыя дамовы, хаця ўжо вёў перамовы аб ліквідацыі кампаніі.
«Апошнюю дамову асабіста ўзгадніў Яраслаў, уладальнік фірмы, 30 жніўня. Гэта значыць, 1 верасня ён абвясціў аб ліквідацыі, але палічыў нармальным уцягнуць у гэтую сітуацыю яшчэ адну сям’ю», — сказаў мужчына.
Крымінальную справу супраць былых дырэктара і заснавальніка кампаніі распачалі 4 верасня. Начальнік Маскоўскага раённага аддзела Следчага камітэта Мінска Валерый Каменеў заявіў, што фірма некалькі месяцаў працягвала прымаць заказы, хоць знаходзілася ў вельмі цяжкім фінансавым становішчы.
«Мы мяркуем, што яны дакладна ведалі, што гэтыя абавязацельствы не будуць выкананыя», — сказаў Каменеў.
У міліцыю паступіла больш за 200 заяў ад пацярпелых. Папярэдне шкоду ацэньваюць больш як на 2 мільёны рублёў, але ўсіх пацярпелых яшчэ не ўстанавілі. Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай.
Сам былы дырэктар Яраслаў Талочка ў каментары з СІЗА патлумачыў праблемы паломкамі абсталявання, дадатковымі выдаткамі і няўдалым пашырэннем кампаніі.
«Усе фактары ў сукупнасці прывялі да такой сітуацыі. Я пераацаніў уласныя сілы, занадта захапіўся развіццём кампаніі», — заявіў ён.
У Следчым камітэце заяўляюць, што шукаюць маёмасць абвінавачанага і вывучаюць матэрыяльнае становішча яго сваякоў, каб дамагчыся кампенсацыі шкоды. Банкі ўжо паведамілі кліентам, што адтэрміноўкі па крэдытах ім не дадуць.
Менавіта гэту піраміду рэкламаваў летась прапагандыст Ігар Тур разам з жонкай Ксеніяй — кампанія рабіла ім прэміяльную кухню ў новы дом.