150 гадоў Яну Булгаку — майстру мастацкай фатаграфіі
6 кастрычніка 1876 года ў маёнтку каля Асташына пад Навагрудкам нарадзіўся выбітны фатограф Ян Булгак. Дзякуючы яго фота і краязнаўчым нарысамі мы можам уявіць, як выглядаў наш край раней.
Дом у Навагрудку
Ян Булгак першыя здымкі зрабіў у 1905 годзе. Ужо ў 1908‑м ён адкрыў уласную фоталабараторыю і атрымаў галоўную ўзнагароду на фотаконкурсе.
Нясвіж
Беларусь стала адной з асноўных тэм яго ранняй творчасці. Булгак здымаў Навагрудак, Мір, Нясвіж, Свіцязь, Вілейку, беларускія вёскі, сялян і краявіды.
У 1911 годзе Булгак правёў выставу ў Мінску, а неўзабаве пераехаў у Вільню, дзе стаў гарадскім фатографам. Ён сістэмна дакументаваў архітэктуру горада і да 1915 года зрабіў больш за 800 здымкаў. Шасцітомны альбом «Літва ў здымках Яна Булгака» ўключаў больш за 270 фатаграфій, у тым ліку зробленых на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Пасля вайны Булгак стаў адным з заснавальнікаў Саюза польскіх фотамастакоў і дакументаваў разбураную Варшаву.
Большая частка яго архіва — каля 10 тысяч здымкаў — згарэла ў Вільні ў 1944 годзе.
Гродна
Захаваныя працы сёння знаходзяцца ў зборах Беларусі, Літвы і Польшчы. Яны маюць не толькі мастацкую, але і дакументальную каштоўнасць: дзякуючы Булгаку можна ўбачыць, як выглядалі беларускія гарады, мястэчкі, вёскі і іх жыхары больш за стагоддзе таму.