БЕЛ Ł РУС

ЕС выключыць бізнэсоўцаў Гуцэрыева і Шаўцова з беларускага санкцыйнага спісу

6.10.2026 / 14:39

Nashaniva.com

Паслы краін ЕС 7 кастрычніка маюць узгадніць выключэнне з «беларускага» санкцыйнага спісу расійскага бізнэсоўца Міхаіла Гуцэрыева і беларускага прадпрымальніка Віктара Шаўцова. 

Міхаіл Гуцэрыеў. Фота: Гомельскі аблвыканкам

Пра падрыхтоўку рашэння паведамляе брусельскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзвяк са спасылкай на дыпламатычныя крыніцы.

Крыніцы Радыё Свабода звязваюць гэты крок з перамогамі бізнесоўцаў у судах ЕС. Паводле іх, юрыдычныя падставы для захавання гэтых санкцый у ЕС лічаць слабымі.

Пры гэтым выключэнне з беларускага спісу не будзе азначаць поўнага зняцця санкцый ЕС з Гуцэрыева. 23 ліпеня 2026 года яго ўключылі ў асобны спіс, звязаны з расійскай агрэсіяй супраць Украіны. Рада ЕС абгрунтавала гэта ягонай дзейнасцю ў сектарах расійскай эканомікі, якія прыносяць значныя даходы ўраду Расіі, а таксама падтрымкай гэтага ўраду праз інвестыцыйныя праекты.

Шаўцоў у іншых спісах не фігуруе.

Гуцэрыеў трапіў пад санкцыі ЕС 21 чэрвеня 2021 года. Рада ЕС называла яго даўнім сябрам Аляксандра Лукашэнкі, які фінансава падтрымліваў ягоны рэжым і атрымліваў ад гэтага выгаду.

Сярод падстаў згадваліся інвестыцыі ў Беларусь, у тым ліку будаўніцтва кампаніяй «Славкалій» Нежынскага горна-абагачальнага камбінату, а таксама прысутнасць Гуцэрыева на інаўгурацыі Лукашэнкі 23 верасня 2020 года.

Віктара Шаўцова, былога старшыню назіральнай рады банка «Рашэнне», раней вядомага як «Інфабанк» і «Трастбанк», уключылі ў санкцыйны спіс 5 жніўня 2024 года, калі было апублікавана адпаведнае рашэнне Рады ЕС ад 26 ліпеня.

Рада ЕС звязвала яго з вытворчасцю ахоўных галаграм у Беларусі праз кампаніі «Тэхнахімтрэйд» і «Галаграфічная індустрыя». Паводле тагачаснага абгрунтавання санкцый, ён атрымліваў выгаду ад манаполіі, штучна створанай дзяржавай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула