БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка згадаў беларуску, якая нарадзіла тройню і атрымала кватэру

6.10.2026 / 15:31

Nashaniva.com

І паставіў яе ў прыклад работнікам Інстытута парашковай металургіі.

Фота: БелТА

Лукашэнка сёння падчас наведвання выпрабавальнага палігона Інстытута парашковай металургіі мімаходзь выказаўся пра беларуску, якая нарадзіла тройню і атрымала кватэру.

Звяртаючыся да аднаго з кіраўнікоў інстытута, ён зазначыў, што калі па тым ці іншым запатрабаваным напрамку будзе вынік, то і ён асабіста, і дзяржава ў цэлым заўсёды акажуць неабходную падтрымку: «Зрабі і прыходзь, як я часта кажу, прасі, чаго захочаш».

Ён прывёў у прыклад, як жанчына, якая нарадзіла тройню, папрасіла кватэру.

«Жанчына нарадзіла тройню. А я неяк языком ляпнуў: прыходзь і прасі кватэру. Яна папрасіла, я аддаў. Так і ты, прыходзь і прасі, я буду выконваць», — сказаў Лукашэнка.

Гісторыя 25‑гадовай Ангеліны Камінскай грымнула некалькі тыдняў таму. 28 жніўня жанчына стала адразу шматдзетнай маці. На 35 тыдні беларуска нарадзіла трох дзяўчынак вагой 2130, 2050 і 1940 грамаў. Назвалі іх Стэфанія, Ясенія і Ева.

Напачатку верасня Ангеліна запісала зварот да Лукашэнкі з просьбай даць ёй кватэру — бо ў Год беларускай жанчыны яна падарыла краіне трох цудоўных жанчын. Відэа дзяўчыны ў інстаграме сабрала больш за 7 мільёнаў праглядаў. 

Зварот выклікаў вялікі рэзананс у беларускім грамадстве. Адны захапляліся смеласцю Ангеліны, іншыя палічылі гэта нахабствам.

Праз пару тыдняў сям'я атрымала кватэру.

«Нашы дзяўчаткі і мы сустрэнем Новы год ужо ў сваім новым жыллі», — падзялілася ў інстаграме Ангеліна і паказала ключы.

Дзяўчына падзякавала Лукашэнку за тое, што «жыллёвае пытанне настолькі добра і хутка вырашылася».

Чытайце таксама:

Мінчанка Ангеліна, якая прасіла ў Лукашэнкі кватэру за тройню, атрымала жыллё

Каментары да артыкула