Беларуска нарадзіла тройню — усе дзяўчынкі. Цяпер просіць у Лукашэнкі кватэру ў Мінску, бо Год беларускай жанчыны
Менш чым за суткі зварот 25‑гадовай Ангеліны Камінскай сабраў 3,5 мільёна праглядаў, а ў «Маці і дзіця» адміністрацыя ўжо стаіць на вушах.
Раней Ангеліна працавала медсястрой у рэанімацыі ў мінскай радзільні №1, а таксама рабіла торты на замову. А 28 жніўня яна стала адразу шматдзетнай маці. На 35 тыдні беларуска нарадзіла трох дзяўчынак вагой 2130, 2050 і 1940 грамаў. Назвалі іх Стэфанія, Ясенія і Ева.

У сваім блогу ў інстаграме Ангеліна распавядае, што не рабіла ЭКА, а цяжарнасць наступіла натуральным шляхам. Паколькі дзяўчынкі нарадзіліся неданошанымі, то першы час дзве з іх былі ў рэанімацыі пад наглядам медыкаў.

Цяпер усе дочкі ўжо разам з маці ў РНПЦ «Маці і дзіця». Учора Ангеліна запісала відэазварот да Лукашэнкі. Пачала з падзякі за тры «бацькавыя кашулі», якія атрымала ў падарунак (сёлета ў межах акцыі «Трэці — бацькаў» пры нараджэнні трэцяга дзіцяці ўручаюць драўляны куфар з ільняной кашуляй і раздрукаванай легендай).

Маладая маці кажа, што, паколькі ў год Беларускай жанчыны падарыла краіне трох цудоўных жанчын, яна можа і «абнаглець». Ангеліны ўставіла ў ролік відэа, у якім Лукашэнка кажа: «Дарагія жанчыны! Нарадзіце трэцяга малога і патрабуйце ад мяне што заўгодна».
Таму Ангеліна вырашыла паспрабаваць скарыстацца прапановай.
«У сувязі з гэтым я вельмі-вельмі хачу вас папрасіць для нашай маленькай, але такой ужо вялікай сям'і жытло ў горадзе Мінску. Таму што наша маладая сям'я, на жаль, яшчэ не паспела абзавесціся жыллём. Для таго, каб дзяўчынкі раслі ў камфорце і дастатку, гэта будзе вельмі-вельмі дарэчы».
Відэа стала вірусным, набрала менш чым за суткі 3,5 мільёна праглядаў і каля 300 тысяч лайкаў.

Праўда, пасля гэтага на Ангеліну абрынулася як хваля падтрымкі (усё ж складана ў адзін момант стаць маці адразу для трох дзяцей — тым больш неданошаных), так і крытыкі. Нехта лічыць, што не трэба было звяртацца да Лукашэнкі — маўляў, усе належныя льготы сям'я б і так атрымала, а цяпер можа здарыцца, што кагосьці іншага ў чарзе пасунуць.
У РНПЦ «Маці і дзіця» тым часам уся адміністрацыя стаіць на вушах. А па тым, як старана цяпер усе перамываюць і прыбіраюць, можна зразумець, што чакаюць гасцей на высокіх пасадах.
Каментары