5G прыходзіць у Гродна — апошні з абласных цэнтраў
Аператар МТС адкрывае для сваіх абанентаў доступ да сеткі 5G у Гродне. Раней сувязь пятага пакалення ўжо запрацавала ў Мінску і іншых абласных цэнтрах, Гродна заставаўся апошнім. Праўда, пакуль тут 5G будзе даступная толькі ў некалькіх месцах.
Калаж: mts.by
Падключыцца да сеткі можна каля Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа, у раёне вуліцы Пралетарскай, а таксама побач з галоўным корпусам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
У МТС паведамілі, што ў найбліжэйшыя месяцы зона пакрыцця ў Гродне будзе істотна пашырацца. Яна павінна ахапіць цэнтральную частку горада, жылыя мікрараёны, сацыяльныя аб'екты і папулярныя месцы адпачынку.
Сетку 5G у Беларусі разгортвае інфраструктурны аператар beCloud. Цяпер у шасці гарадах краіны працуе больш за 1100 базавых станцый, а агульная зона пакрыцця сеткі перавышае 400 квадратных кіламетраў.
Чытайце таксама:
Міністр сувязі расказаў, чаго дасягнулі абмежаваннямі на безлімітны інтэрнэт
5G у Гродне запусцяць да канца года. Ён адзіны з абласных цэнтраў без гэтай тэхналогіі
Толькі траціна тэлефонаў беларусаў могуць падтрымліваць тэхналогію 5G