Кучынскі сустрэўся са спецпасланнікамі па Беларусі
Пра што вялося на сустрэчы?
Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай
Дырэктар віленскага Офіса Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчу са спецыяльнымі пасланнікамі і прадстаўнікамі краін Паўночна-Балтыйскай васьмёркі (NB8), якія прыбылі ў Вільню з адмысловым візітам для кансультацый з беларускімі дэмакратычнымі сіламі і партнёрамі, якія базуюцца ў Літве, паведамляе прэс-служба дэмакратычнай лідаркі.
Сярод тэм сустрэчы была тэма палітзняволеных.
Дзяніс Кучынскі падзякаваў Літве за прыём і падтрымку вызваленых палітвязняў і беларусаў, якія знаходзяцца ў краіне. На сустрэчы абмеркавалі становішча палітвязняў і падтрымку тых, хто выходзіць на волю.
Былі таксама абмеркаваныя падтрымка беларусаў за мяжой, рэгіянальная бяспека і пытанне Міжнароднага гуманітарны фонду.
Усе прадстаўленыя на сустрэчы краіны ўжо далучыліся да працы Фонду. Гаворка ішла і пра далейшае фінансаванне: для шэрагу краін наступныя ўнёскі стануць другімі, а для некаторых — ужо трэцімі.
«Для нас вельмі важна, што краіны працягваюць працаваць з дэмакратычнымі сіламі праз інстытут спецыяльных пасланнікаў. Гэты фармат дазваляе падтрымліваць пастаянны дыялог і каардынаваць супольныя дзеянні. Пакуль у Беларусі працягваюцца рэпрэсіі і за кратамі застаюцца палітвязні, асабліва важна захоўваць адзіную і скаардынаваную пазіцыю і падтрымку беларусаў», — пракаментаваў Дзяніс Кучынскі.