БЕЛ Ł РУС

Мінскі таксіст распрацаваў хітрую схему, па якой амаль задарма завалодаў 12‑цю аўтамабілямі

7.10.2026 / 21:59

Nashaniva.com

У Фрунзенскае РУУС Мінска звярнуўся прадстаўнік сталічнай кампаніі, якая займаецца продажам аўтамабіляў з прабегам. Падчас рэвізіі ў фірме выявілі буйную недастачу — каля 180 тысяч рублёў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: David Zalubowski / AP

Па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства затрымалі 25‑гадовага мінчука, які працаваў таксістам. Як высветлілі сілавікі, раней мужчына займаўся перапродажам аўтамабіляў і добра ведаў парадак іх куплі і продажу. Акрамя таго, у кампаніі працаваў ягоны знаёмы, ад якога ён атрымліваў інфармацыю пра ўнутраную працу фірмы.

Па матэрыялах следства, мінчанін пачаў набываць у гэтай кампаніі аўтамабілі з прабегам, афармляючы дамовы на сваіх былых кліентаў і выкарыстоўваючы копіі іх дакументаў. Пасля атрымання рахунку ён пералічваў толькі частку неабходнай сумы, а затым з дапамогай графічнага рэдактара змяняў даныя ў плацежнай квітанцыі, пазначаючы ў ёй поўны кошт аўтамабіля.

Падробленую квітанцыю мужчына выстаўляў супрацоўнікам кампаніі, пасля чаго забіраў машыну. Такім спосабам ён атрымаў 12 аўтамабіляў, якія пазней прадаваў праз спецыялізаваную інтэрнэт-пляцоўку.

Каб сілавікі не змаглі выйсці на яго след, пры размяшчэнні аб'яў мужчына выкарыстоўваў SIM-карты, якія пасля знішчаў.

Затрыманы расказаў, што грошы, атрыманыя ад продажу аўтамабіляў, ён траціў на пагашэнне даўгоў і набыццё новых машын.

Па факце здарэння завялі крымінальную справу па артыкуле аб махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Чытайце таксама:

Жыхарка Мазыра здавала ў арэнду чужыя кватэры ў Мінску

Спыненая дзейнасць кур’ераў тэлефонных махляроў. Затрыманыя 19 чалавек

Махляр прыкідваўся сілавіком і дурыў адзінокіх багатых жанчын

Каментары да артыкула