Стала вядома імя яшчэ аднаго беларуса, які мог быць замяшаны ў дыверсіі ў Лейпцыгу. Прычым ён змяніў прозвішча
Незадоўга да дыверсіі Максім Лапуноў вылецеў з Пецербурга ў Анкару, адкуль накіраваўся ў Еўропу.
Максім Лапуноў
Дыверсія ў аэрапорце ў Лейпцыгу (Германія) адбылася 4 жніўня — дрон з выбухоўкай урэзаўся ў крыло самалёта Ан-124 «Руслан», але прылада не спрацавала. Дрон праз некалькі гадзін знайшоў на зямлі кіроўца аўтобуса.
The Insider вылічыў, што за дыверсіяй стаіць ГРУ. Але сярод наёмных памочнікаў былі і беларусы.
Пра аднаго з іх «Наша Ніва» ўжо расказвала — гэта Андрэй Каршакоў, беларус, які пражывае ў Расіі.
Андрэй Каршакоў. Фота: Укантакце
Для Каршакова гэта была не першая дыверсія: двума гадамі раней ён удзельнічаў у падпале ў польскім горадзе Лодзь. Ноччу 25 ліпеня 2024 года ў гіпермаркеце Leroy Merlin у Лодзі загарэўся стэлаж са сродкамі аховы раслін і інсектыцыдамі.
Другі беларус, які мог быць датычны да здарэння ў Лейпцыгу, як высветліў The Insider, — Максім Лапуноў (ён афіцыйна змяніў сабе прозвішча, але пры гэтым карыстаўся старым пашпартам на імя Максіма Коласава).
Згодна з дадзенымі аб пералётах, 19 ліпеня 2026 года, за два тыдні да інцыдэнту, ён вылецеў з Пецярбурга ў Анкару, адкуль у той жа дзень паляцеў у Бялград. Па дадзеных крыніц The Insider у праваахоўных органах адной з еўрапейскіх краін, Лапуноў з высокай ступенню верагоднасці быў у гэтыя дні ў Германіі.
Лапуноў таксама быў у Лодзі ў дні дыверсіі ў 2024-м.
Чытайце таксама:
Што вядома пра віцебчука, якога вінавацяць у спробе падрыву самалёта ў Германіі
Дрон з выбухоўкай знайшлі каля ўкраінскага грузавога самалёта ў аэрапорце Лейпцыга
Адзін з падазраваных у атацы на аэрапорт Лейпцыга — мужчына з Беларусі