БЕЛ Ł РУС

«Некаторыя рэчы ўжо адбыліся». У Таццяны Заміроўскай выходзіць новы зборнік апавяданняў

10.10.2026 / 07:47

Nashaniva.com

Беларуская пісьменніца Таццяна Заміроўская паведаміла пра выхад сваёй новай кнігі.

Фота з фэйсбука Таццяны Заміроўскай

Зборнік апавяданняў пад назвай «Некаторыя рэчы ўжо адбыліся» («Некоторые вещи уже произошли») стаў рэфлексіяй над апошнімі пяццю гадамі жыцця аўтаркі — з 2020 па 2024 год, піша Reform.news.

Афармленне кнігі мае сваю гісторыю: вокладку аздобіла карціна «Памылковая формула» мастака і панк-музыканта Васіля Пачыцкага, які памёр у 2024 годзе.

«Гэта кніга-справаздача пра тое, што адбылося. Яна не магла быць іншай, яна не магла здарыцца па-іншаму. Некаторыя рэчы ўжо адбыліся — і гэта кніга таксама такая рэч… Я б вельмі хацела, каб яна знайшла таго самога чытача, якому ад яе стане трошкі лягчэй і які з некаторай парадаксальнай пост-апакаліптычнай палёгкай зразумее, што ён не адзін», — адзначыла пісьменніца ў сваіх сацсетках.

У кнізе Заміроўская даследуе, як вялікія і асабістыя катастрофы ўплываюць на мову, ідэнтычнасць і псіхіку. У зборнік увайшлі апавяданні з сусвету яе рамана «Смерці.net», тэксты для міжнародных арт-праектаў (у прыватнасці, для праектаў MMoma, Mumok Museum Wien і іншых інстытуцый), «шмат амерыканскіх апавяданняў», «шмат беларускіх», а таксама гісторыі з працягам.

Напрыклад, па апавяданні «Менавіта тым, чым падаецца» разам з рэжысёркай Дар’яй Жук ужо напісаны сцэнарый для фільма, а тэкст «Я могу поговорить с живым человеком?» дасць назву будучай англамоўнай кнізе аўтаркі.

Кніга выйшла ў «Выдавецтве Алены Шубінай». Шматмоўнае апавяданне з беларускамоўнымі фрагментамі захавалі ў арыгінальным выглядзе.

Выданне ўжо можна набыць у крамах Варшавы (Bukinistka), Латвіі (kniga.lv), ЗША (Kvartirabooks) і нават у Беларусі (на oz.by).

Таццяна Заміроўская — беларуская пісьменніца, журналістка, музычны крытык. Аўтарка зборнікаў «Жыццё без шуму і болю», «Зямля выпадковых лікаў», «Вараб’іная рака», рамана «Смерці.net», а таксама апошніх прац — «Свечы Апакаліпсісу» і зборніка эсэ «Эўрыдыка, правер, ці выключыла ты газ». Ужо больш за дзесяць гадоў жыве і працуе ў Нью-Ёрку

Чытайце таксама:

Таццяна Заміроўская першы раз за 11 гадоў вярнулася з ЗША ў Еўропу. Многія манеры, звычкі і нават птушкі, якіх мы не прыкмячаем, выклікалі ў яе буру ўспамінаў

Таццяна Заміроўская напісала, чаму яна прыходзіць у каменты да людзей, якія ставяць у сябе ў сацсетках пасты, напісаныя ШІ

У кнігарні ў Нью-Ёрку будзе палічка з беларускімі кнігамі

Каментары да артыкула