На выбарах у Перу перамог Гітлер Мусаліні
Ён быў кандыдатам ад левых сіл.
45‑гадовы Гітлер Мусаліні Сімеон Флорэс перамог у барацьбе за пасаду мэра гарадка Керапалька. Ён балатаваўся ад цэнтрысцка-левай партыі «Ahora Nación», паведамляе Еўраньюс.
Ён атрымаў 229 галасоў — 34,5% з 663 сапраўдных бюлетэняў у Керапальцы. Яго найбліжэйшы апанент, Гаспар Бенільдэ Асорыа Самбрана з партыі «Popular Renewal Peru», набраў 204 галасы, або 30,8%.
Паводле афіцыйных звестак за 2024 год, насельніцтва акругі складае крыху больш за 730 чалавек.
Сімеон Флорэс таксама кіруе інвестыцыйнай групай Simeon Sac у Пілька-Марцы, у тым жа дэпартаменце.
Гэта не першы выпадак, калі ў гэтай паўднёваамерыканскай краіне выбаршчыкі галасуюць за чалавека з імем Гітлер.
Прадстаўнік цэнтрысцка-правaй партыі «Мы — Перу» Гітлер Альба займаў пасаду мэра іншага невялікага гарадка Юнгар з 2011 да 2014 года.
У 2018 годзе ён пайшоў на выбары супраць Леніна Уладзіміра Радрыгеса Вальвердэ, які спрабаваў аспрэчыць законнасць яго вылучэння. Альба перамог іншых кандыдатаў, набраўшы 47,7% галасоў.
Назваўшы сябе «добрым Гітлерам», Альба вёў кампанію пад лозунгамі «Гітлер вяртаецца» і «Гітлер з народам».
Тады ён заяўляў, што ягоны бацька не ведаў пра спадчыну нацысцкага дыктатара Германіі, калі выбіраў сыну імя.
Дэпутат і хірург Гітлер Сааведра працаваў у Кангрэсе Перу ад партыі «Мы — Перу» з 2021 года да сваёй смерці ў 2024 годзе ва ўзросце 46 гадоў.
Для перуанцаў не рэдкасць даваць дзецям імёны гістарычных асоб або проста незвычайныя імёны, не зважаючы на іх негатыўныя ці спрэчныя асацыяцыі.