Зяленскі: Украіна правядзе выбары, калі Пуцін пагодзіцца на 60‑дзённае перамір'е
Напярэдадні Трамп заявіў, што «Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта».
Фота: AP Photo / Francisco Seco
Уладзімір Зяленскі заявіў у інтэрв'ю ABC News, што калі Пуцін пагодзіцца на 60‑дзённае перамір'е, Украіна правядзе выбары.
«Я ведаю, што Пуцін вельмі хацеў бы змяніць прэзідэнта Украіны, я гэта разумею. І калі прэзідэнт Трамп сапраўды хоча, каб на выбарах адбыліся нейкія змены, я таксама сказаў гэта ягонай камандзе, калі ласка, скажыце Пуціну, каб ён даў нам два месяцы — 60 дзён — поўнага спынення агню, і мы арганізуем выбары».
Напярэдадні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаўся за адстаўку прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
«Я думаю, Украіне прыйшоў час завесці новага прэзідэнта. Я прапаную, каб у іх з’явіўся новы лідар, які зможа заключыць здзелку. Бо ён мог бы заключыць шмат угод, але чамусьці ніколі гэтага не робіць», — заявіў Трамп.
Ён таксама пацвердзіў, што заклікаў Украіну адмовіцца ад удараў па расійскіх НПЗ.
Зяленскі на гэта адказаў, што не спыніць удары па расійскіх НПЗ, пакуль Расія атакуе ўкраінскую энергетыку.