БЕЛ Ł РУС

Знакамітыя салігорскія тэрыконы могуць знікнуць

14.10.2026 / 12:05

Nashaniva.com

Велізарныя насыпы прапануюць выкарыстоўваць для павышэння ўрадлівасці глебы.

Прычым першыя выпрабаванні незвычайнай тэхналогіі ўжо далі добрыя вынікі, піша Domovita.

Тэрыконы пачалі расці пад Салігорскам яшчэ ў 1960‑х гадах, калі тут запрацавала першае рудаўпраўленне.

З таго часу пры здабычы калійнай руды карысныя кампаненты накіроўваюць на вытворчасць угнаенняў, а астатнюю пароду, у тым ліку гліну і тэхнічную соль, звозяць у велізарныя адкіды.

За больш чым шэсць дзесяцігоддзяў на месцы раўніннага краявіду выраслі сапраўдныя горы. Некаторыя з іх дасягаюць 160 метраў у вышыню — прыкладна як 40‑павярховы дом.

Навукоўцы прапануюць выкарыстоўваць адходы калійнай вытворчасці для павышэння ўрадлівасці бедных пясчаных глеб, якіх асабліва шмат на поўдні Беларусі.

Ідэя заключаецца ў тым, каб змешваць глініста-салявы шлам з торфам і арганічнымі ўгнаеннямі.

Атрыманы склад ужо выпрабавалі на практыцы. Для эксперыменту выбралі поле плошчай 20 гектараў у Мінскім раёне.

Яго падзялілі на шэсць участкаў, на кожным з якіх выкарыстоўвалі розныя варыянты падкормкі. Частку зямлі пакінулі без угнаенняў, каб было з чым параўноўваць вынікі.

Затым пасеялі кукурузу гатунку «Рыкардына». Першыя вынікі абнадзеілі: на ўчастках з эксперыментальнымі сумесямі расліны прыкметна падраслі і добра сфарміравалі катахі.

Развітвацца з «касмічным» краявідам пад Салігорскам пакуль рана. Навукоўцам трэба пераканацца, што новая тэхналогія сапраўды эфектыўная.

Наперадзе яшчэ як мінімум тры гады выпрабаванняў.

Калі тэхналогія апраўдае чаканні, адходы калійнай вытворчасці змогуць паступова вывозіць для паляпшэння глеб у іншых рэгіёнах Беларусі.

Але нават пры паспяховым выніку знакамітыя горы не знікнуць за пару месяцаў. За дзесяцігоддзі тут назапасіліся сотні мільёнаў тон пароды, таму на яе вываз спатрэбіцца нямала часу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула