БЕЛ Ł РУС

У буйных гарадах пачалі падаць цэны на кватэры. Што адбываецца?

15.10.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Выглядае, што верасень стаў пераломным месяцам на рынку нерухомасці Беларусі.

Фота: LookByMedia

У Мінску рост цэн спыніўся

Цягам апошніх некалькіх гадоў цэны на нерухомасць у Беларусі раслі. У Мінску па прапановах квадрат пераваліў за $2500, і нават у самым танным абласным цэнтры — Віцебску — метр па прапановах пераадолеў адзнаку $1000.

Цэны раслі настолькі хутка, што цяпер сярэдні кошт метра ў Мінску на $1000 вышэйшы, чым быў у пачатку 2025 года.

Але верасень зламаў гэтую тэндэнцыю. Упершыню за доўгі час цэны ў Мінску па рэальных здзелках засталіся на ранейшым узроўні. А ў кастрычніку квадрат па прапановах нават пачаў таннець і за апошні тыдзень паменшаў на 0,6%.

Што ў абласных цэнтрах?

Квадрат імкліва даражэў не толькі ў Мінску, але і ў іншых буйных гарадах. Прычым тэмпы росту ў некаторых абласных цэнтрах амаль не адрозніваліся ад сталічных. Аднак вынікі верасня паказваюць, што пасля дасягнення піку цэны на нерухомасць амаль ва ўсіх абласных цэнтрах ужо пайшлі ўніз.

Так, напрыклад, у Гродне за верасень сярэдні кошт метра па рэальных здзелках упаў на 5,6% і адкаціўся да ўзроўню сакавіка 2026 года.

Пры гэтым цэны па прапановах трымаюцца на высокім узроўні і за апошні тыдзень зменшыліся ўсяго на 0,1%.

У Брэсце, дзе квадрат традыцыйна самы дарагі сярод усіх абласных цэнтраў, верасень таксама аказаўся пераломным. Упершыню за доўгі час сярэдні кошт метра па рэальных здзелках за месяц не вырас, а наадварот знізіўся на 0,7%

Па прапановах метр у Брэсце за апошні тыдзень стаў танней на 0,5%.

У Гомелі за апошні тыдзень метр па прапановах патаннеў на 1,5%. Пры гэтым колькасць кватэр у продажы, наадварот, павялічылася.

Верасень для Віцебска, які з'яўляецца самым танным абласным цэнтрам, можна назваць неадназначным. Там сярэдні кошт метра па рэальных здзелках працягнуў рост і дасягнуў $990. Але пры гэтым колькасць здзелак была на 8% меншая, чым у жніўні, і на 21% меншая, чым у верасні 2025 года.

Што да цэн па прапановах, то яны за апошні тыдзень падраслі на 0,6%.

У Магілёве цэны, можна сказаць, застылі на месцы, а па прапановах выраслі на 0,2%.

Чаго чакаць далей?

Сітуацыю нельга назваць пачаткам абвалу цэн на нерухомасць у Беларусі, паколькі для гэтага не бачна ніякіх аб'ектыўных перадумоў. Але гэта не азначае, што невялікае патанненне не можа адбывацца і далей. Эксперты рынку нерухомасці ўсё часцей схіляюцца да таго, што рост цэн ужо спыніўся і ў 2027 годзе будзе адбывацца плаўная карэкцыя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула