Ва Уроцлаве пройдзе фестываль беларускай культуры
З 17 па 24 кастрычніка ва Уроцлаве пройдзе XIV Фестываль незалежнай беларускай культуры «Жывіца». У праграме — сустрэча з Уладзімірам Някляевым, тэатр, кіно, выставы і майстар-класы для дзяцей і дарослых.
Арганізатары запрашаюць і тых, хто даўно жыве ва Уроцлаве, і беларусаў, якія знайшлі тут бяспечны дом пасля рэпрэсій. Фестываль для іх — магчымасць сустрэцца, пачуць беларускую мову і разам ствараць культуру па-за Беларуссю.
«Мы не толькі ўспамінаем краіну, з якой паходзім, але і ствараем новыя формы жыцця і культуры тут, ва Уроцлаве», — гаворыцца ў анонсе.
Назва «Жывіца» адсылае да жывіцы дрэва, якая дапамагае яму гаіць пашкоджанні. Для арганізатараў гэта вобраз культуры, здольнай захоўваць памяць і падтрымліваць жыццё.
17 кастрычніка а 15‑й гадзіне ў Асалінэуме на плошчы біскупа Нанкера, 17 адбудзецца сустрэча з Уладзімірам Някляевым і прэзентацыя яго кніг. А 16:30 там жа ўручаць узнагароду «За падтрымку беларускай культуры». Увечары, а 18-й, у Domek Miedziorytnika на Świętego Mikołaja, 1 адкрыецца выстава малюнкаў Алеся Папковіча «Сны палітычнага вязня».
18 кастрычніка а 18‑й гадзіне BYteatr пакажа спектакль «Бежанцы 1915» рэжысёра Андрэя Новіка. Паказ пройдзе ў Чорнай зале ўроцлаўскай філіі Акадэміі тэатральнага мастацтва.
21 кастрычніка а 17‑й гадзіне ў Бюро Еўрапарламента на Widok, 10 пакажуць фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», пасля якога адбудзецца дыскусія.
23 кастрычніка а 17‑й там жа пройдзе размова «Беларускі шлях да дэмакратыі» з удзелам экспертаў і лідараў беларускай апазіцыі.
Для тых, хто хоча паспрабаваць нешта зрабіць сваімі рукамі, 20 кастрычніка запланаваны майстар-клас па ткацтве традыцыйных беларускіх паясоў. 24 кастрычніка а 12‑й і 14‑й гадзіне ў Przedpokój H13 на Świdnicka, 43—45 дзяцей і падлеткаў запрашаюць маляваць, выразаць і рабіць адбіткі беларускіх узораў.
Завершыцца фестываль 24 кастрычніка а 17‑й гадзіне ў клубе Proza на Przejście Garncarskie, 2. Там адбудуцца фінал польска-беларуска-ўкраінскага паэтычнага конкурсу, паэтычны слэм і ўручэнне прэміі імя Адама Міцкевіча.
Поўная праграма тут.