Цягнік Мінск — Адлер будзе хадзіць змененым маршрутам аж да канца лістапада
З 19 кастрычніка па 24 лістапада 2026 года цягнік № 302 Мінск — Адлер, які адпраўляецца з Мінска ў 8:29, будзе курсіраваць паводле змененага маршруту, паведаміла прэс-служба Беларускай чыгункі.
Здымак ілюстрацыйны
Да станцыі Гомель ён пойдзе па звычайным раскладзе, а далей — праз Магілёў-1, Шклоў, Оршу-Цэнтральную і Бранск-Арлоўскі, пасля чаго працягне рух сваім маршрутам.
У зваротным кірунку цягнік № 301 Адлер — Мінск з 17 кастрычніка па 24 лістапада будзе ісці паводле звычайнага раскладу да станцыі Бранск-Арлоўскі, а затым — праз Оршу замест Гомеля. На станцыі Орша-Цэнтральная прадугледжаны прыпынак. У Мінск-Пасажырскі цягнік будзе прыбываць з 19 кастрычніка па 26 лістапада ў 18:04.
Акрамя таго, праз рамонтныя работы на тэрыторыі Расійскай чыгункі ў асобныя дні прызначаць цягнік № 490/489 Мінск — Анапа — Мінск. Ён таксама будзе курсіраваць па змененым маршруце і раскладзе, як цягнікі Мінск — Адлер і Адлер — Мінск. З Мінска ён адправіцца 16 і 20 лістапада, а з Анапы — 18 і 22 лістапада. Прыбыццё ў Мінск запланавана адпаведна на 20 і 24 лістапада.
Для пасажыраў, якія раней набылі квіткі на цягнікі № 301 Адлер — Мінск і № 489 Анапа — Мінск з праездам ад станцый на ўчастку Гомель — Мінск, прызначаны дадатковы цягнік № 611 Гомель — Мінск. З 19 кастрычніка па 26 лістапада ён будзе адпраўляцца з Гомеля ў 14:38 і прыбываць у Мінск у 19:03.
Для дастаўкі пасажыраў з расійскіх станцый да станцый на ўчастку Мінск — Гомель таксама прызначаны цягнік № 612 Мінск — Гомель. З 19 кастрычніка па 26 лістапада ён будзе адпраўляцца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 20:26 і прыбываць у Гомель у 23:59.
Такія змены маршрутаў здараліся і раней, а прычынай гэтых карэкціровак звычайна рабіліся няштатныя сітуацыі на пуцях, звязаныя з развязанай Расіяй вайной супраць Украіны.
Чытайце таксама:
БЧ часова адменіць цягнікі Мінск — Брэст і скароціць маршруты да Масквы і Санкт-Пецярбурга