БЕЛ Ł РУС

Да падпалу станцыі Starlink у Польшчы можа быць датычная турэцкая злачынная групоўка, за якой стаіць Масква

16.10.2026 / 22:23

Nashaniva.com

Да падпалу наземнай станцыі спадарожнікавай сувязі Starlink у Мазавецкім ваяводстве ў Польшчы могуць быць датычныя ўдзельнікі турэцкай злачыннай групоўкі «Далтаны» (Daltonlar). Паводле крыніц нямецкага выдання Der Spiegel, яны маглі выканаць заданне расійскіх спецслужбаў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: gazeteoksijen.com

Станцыя ў вёсцы Воля-Крабоўская загарэлася 23 верасня. Польскія ўлады назвалі пажар мэтанакіраванай дыверсіяй і ўсклалі адказнасць за яе на Расію.

12 кастрычніка ў нямецкім горадзе Нюртынген на запыт Польшчы затрымалі двух грамадзян Турцыі, якіх падазраюць у датычнасці да падпалу. Гэта 38‑гадовы Юміт Э. і 34‑гадовы Мюслюм Т. Паводле інфармацыі Der Spiegel, яны, верагодна, належаць да групоўкі «Далтоны» або маглі дзейнічаць па даручэнні яе прыхільнікаў.

У найбліжэйшыя дні суд у Штутгарце павінен вырашыць, ці экстрадаваць затрыманых у Польшчу.

Der Spiegel адзначае, што раней расійскія спецслужбы пры арганізацыі дыверсій у Еўропе пераважна выкарыстоўвалі так званых агентаў нізшага звяна — напрыклад, дробных злачынцаў, якія выконвалі заданні за невялікія грошы. Калі датычнасць прыхільнікаў «Далтанаў» да падпалу пацвердзіцца, гэта можа сведчыць пра змену падыходу расійскіх спецслужбаў.

Групоўка «Далтаны» ўзнікла ў 2024 годзе. У яе ўваходзяць пераважна маладыя людзі, народжаныя ў 2000 годзе і пазней. У Турцыі ўдзельнікаў групоўкі звязвалі з забойствам вядомага адваката Сердара Актэма, які быў членам Партыі нацыяналістычнага руху. Яго застрэлілі ва ўласным аўтамабілі ў Стамбуле.

Паводле паведамленняў СМІ, удзельнікі «Далтанаў» дзейнічалі таксама ў Германіі і іншых еўрапейскіх краінах. Іх падазравалі ў вымагальніцтве грошай за «ахову», гандлі зброяй і заказных забойствах.

У тым жа 2024 годзе ў Расіі затрымалі лідара групоўкі Бератджана Гёкдэміра. Турцыя запатрабавала яго экстрадыцыі, аднак Расія не выдала яго. Эксперты меркавалі, што Крэмль мог разлічваць атрымаць нешта ад «Далтанаў» у абмен на абарону іх кіраўніка. Ці застаецца Гёкдэмер у Расіі цяпер, невядома.

Чытайце таксама:

Польшча абвінаваціла расійскія спецслужбы ў падпале станцыі Starlink недалёка ад Варшавы

У Германіі затрымалі падазраваных у падпале станцыі Starlink у Польшчы. Яны іншаземцы

У Польшчы загарэлася станцыя Starlink, якая дае доступ да інтэрнэту ва Украіне. Не выключаюць дыверсіі

Каментары да артыкула